Дайджэст навін аб праваслаўі ў свеце (27 ліпеня - 2 жніўня)
![]() |
Фота: orthodoxtimes.com |
Румынія
На мінулым тыдні праваслаўны свет адзначыў стагоддзе знамянальнай падзеі: 30 ліпеня 1925 года Сусветны Патрыярхат Канстанцінопаля афіцыйна прызнаў Румынскі Праваслаўны Патрыярхат праз свой сінадальны томас.
Афіцыйнае ўручэнне сінадальнага томаса адбылося ў Патрыяршым саборы ў Бухарэсце 27 верасня 1925 года. Кульмінацыяй стала інтранізацыя епіскапа Мірана Крысці як першага Патрыярха Румыніі 1 лістапада 1925 года. 2025 год ў Румыніі быў абвешчаны Урачыстым Годам Стагоддзя Румынскага Патрыярхата і Памятным Годам Румынскіх Праваслаўных Духоўных Айцоў і Вызнаўцаў XX стагоддзя.
Балгарыя
Балгарскі Патрыярхат звярнуўся з глыбокім заклікам да ўсіх членаў Балгарскай Праваслаўнай Царквы маліцца за спыненне знішчальных пажараў. Балгарская Царква таксама просіць сваіх чад узносіць малітвы за дараванне сіл пажарным і заклікае аказваць усебаковую падтрымку пацярпелым.
Вялікабрытанія
27 ліпеня 2025 года Архіепіскап Кіпрскі Георгій наведаў Царкву Святых Панцеляймона і Параскевы ў Хароў (Вялікабрытанія). Архіепіскап Георгій адслужыў Боскую літургію і быў цёпла прыняты Архіепіскапам Вялікабрытанскім Мікітам (Сусветны патрыярхат). Падчас сваёй пропаведзі Архіепіскап Георгій заклікаў вернікаў дыяспары захоўваць сваю праваслаўную ідэнтычнасць і перадаваць сваю спадчыну будучым пакаленням. Візіт Архіепіскапа Георгія падкрэсліў моцныя царкоўныя сувязі паміж Кіпрскай Царквой і Архіепіскапіяй Вялікабрытаніі.
Паўднёвая Карэя
На мінулым тыдні Карэйская Мітраполія Сусветнага патрыярхата правяла летні лагер моладзевай групы «Сіндэсмас» у парафіяльных памяшканнях царквы ў Чунчхоне. У лагеры ўзялі ўдзел больш за сорак маладых людзей і дзяўчат з розных гарадоў Паўднёвай Карэі. Праграма лагера ўключала ўдзел у ранішніх і вячэрніх набажэнствах, Таінстве Святой Споведзі, Боскай літургіі, сходах па вывучэнні Бібліі і розных дыскусіях. Акрамя духоўных мерапрыемстваў, было арганізавана мноства забаўляльных, пазнавальных і спартыўных актыўнасцяў, што спрыяла стварэнню цёплай і сямейнай атмасферы. Духоўны фокус лагера быў сканцэнтраваны вакол тэмы: «Узлюбім Хрыста, таму што Хрыстос – гэта ўсё». Праваслаўная моладзь Карэі выказала жаданне зрабіць такія сустрэчы штогадовымі.
Швецыя
Апостальскі Нунцый у Стакгольме, Архіепіскап Аранжскі Хуліа Мурат, наведаў Мітрапаліта Шведскага і ўсяе Скандынавіі Клеопу. Гэты візіт разглядаецца як падрыхтоўчы крок да маючага адбыцца візіту Сусветнага Патрыярха Варфаламея ў жніўні гэтага года ў Швецыю.
Аўстралія
На мінулым тыдні Архіепіскап Аўстралійскі Макарый (Сусветны патрыярхат) прыняў новапрызначанага на Аўстралійскі кантынент епіскапа Армянскай Царквы Вардана Навасардзяна. Сустрэча адбылася ў галоўнай рэзідэнцыі Архіепіскапіі ў Сіднеі. Падчас сустрэчы царкоўныя лідары абмеркавалі пытанні, якія ўяўляюць узаемную цікавасць, засяродзіўшы ўвагу на душпастырскім служэнні ў дыяспары, і разгледзелі шляхі ўмацавання супрацоўніцтва. Архіепіскап Макарый запрасіў епіскапа Вардана прыняць удзел у Міжнароднай акадэмічнай канферэнцыі, прысвечанай Першаму Сусветнаму Сабору, якая запланавана на 22-23 жніўня 2025 года ў Сіднеі. На знак павагі і прыхільнасці епіскап Вардан паднёс Архіепіскапу Макарыю традыцыйную армянскую літургічную вышыўку і армянскае віно для эўхарыстыі.
Кіпр
Кіпрская Царква ініцыявала агульнанацыянальны збор сродкаў у адказ на разбуральныя лясныя пажары, якія нядаўна ахапілі Кіпр. Агульнацаркоўны збор сродкаў запланаваны на сённяшнюю нядзелю, 3 жніўня 2025 года, і будзе праходзіць ва ўсіх цэрквах вострава. Яго асноўная мэта – аказаць фінансавую дапамогу ахвярам пажараў, сем’ям, якія страцілі сваіх блізкіх і маёмасць, а таксама пераадоленне наступстваў экалагічнай катастрофы. Свяшчэнны Сінод з гэтай нагоды выдаў афіцыйнае агульнацаркоўнае пасланне. Царква падкрэсліла, што не можа заставацца абыякавай да трагічнай сітуацыі, і заклікала грамады адгукнуцца са шчодрасцю.
Егіпет
Беспрэцэдэнтны крызіс адбываецца у сусветна вядомым Сінайскім манастыры Святой Кацярыны з-за рашэння грэчаскага ўрада зарэгістраваць Сінайскі манастыр як юрыдычную асобу ў Грэцыі. Упершыню за дзесяцігоддзі значная частка манаскага брацтва публічна выступіла супраць 90-гадовага настаяцеля, архіепіскапа Даміяна, аспрэчваючы яго кіраўніцтва і дзеянні ў сувязі са згаданым законапраектам.
Егіпецкі суд пазбавіў манаскае брацтва ўсіх юрыдычных і маёмасных правоў на манастыр, паколькі манастыр юрыдычна не існуе ў Егіпце. Адзіным законным прадстаўніком перад егіпецкімі ўладамі з'яўляецца сам ігумен Даміян, які мае егіпецкае грамадзянства. Існуюць асцярогі, што ў выпадку яго адхілення пад ціскам манаскага брацтва не будзе увогуле законнага пераемніка і прадстаўніка манастыра, паколькі астатнія манахі – замежнікі з часовым дазволам на жыхарства ў Егіпце.
Тым часам Грэцыя спрабуе стварыць юрыдычную асобу, якая надала б манастыру законны статус і абарону, але сінайскія манахі выступаюць супраць, бачачы ў гэтым спробу «захапіць манастырскую маёмасць». Брацтва сцвярджае, што не давала згоды на такое рашэнне і што настаяцель парушыў не толькі дзеючы статут манастыра, але і папярэднія рашэнні. Яны накіравалі два лісты са сваімі пярэчаннямі – у Міністэрства адукацыі і рэлігій, якое з'яўляецца аўтарам законапраекта аб прававым статусе Сінайскага манастыра, а таксама самому настаяцелю, архіепіскапу Даміяну. Лісты атрымалі агалоску ў грэчаскай прэсе.
Архіепіскап Даміян прызначыў на 7 верасня пасяджэнне манастырскага савета і агульны сход манахаў. У манастыры пражываюць 20 манахаў, а настаяцелю, архіепіскапу Даміяну, ужо 91 год, і ён кіруе манастыром ужо паўстагоддзя. Манахі таксама патрабуюць медыцынскага агляду, які пацвярджаў бы здольнасць настаяцеля выконваць свае абавязкі ў гэты крытычны для манастыра перыяд.
Грэцыя
Двухтыднёвы летні лагер для дзяцей з Украіны арганізаваны Кітроскай Мітраполіяй у Грэцыі. Мэта лагера — падарыць дзецям і іх маці моманты бесклапотнасці і адпачынку ў бяспечнай і гасціннай абстаноўцы. Падчас свайго знаходжання ў Піерыі госці наведваюць рэлігійныя і археалагічныя помнікі, славутасці гары Алімп, прыбярэжныя раёны і месцы, якія маюць гістарычнае і культурнае значэнне, а таксама ўдзельнічаюць у забаўляльных мерапрыемствах і даследуюць наваколлі.
«Гэтая ініцыятыва – частка салідарнасці і падтрымкі нашай царквы ў дачыненні да пакутуючых людзей, асабліва дзяцей, якія перажылі траўматычныя падзеі вайны», – заявілі арганізатары. У суботу, 26 ліпеня, дзеці ў суправаджэнні маці і адказных святароў наведалі мітрапаліта Кітроскага Георгія, які цёпла іх сустрэў. Дзеці і іх спадарожнікі падзякавалі за гасціннасць і падтрымку, аказаныя ім у гэты складаны перыяд жыцця.
Украіна
Дзяржаўная служба Украіны па пытаннях этнапалітыкі і свабоды сумлення абвясціла пра пачатак расследавання «магчымых сувязяў» Свята-Троіцкага стаўрапігіяльнага жаночага манастыра ў Корцы з «рэлігійнай арганізацыяй, забароненай ва Украіне».
Корацкі Свята-Троіцкі стаўрапігіяльны жаночы манастыр — адзіная абіцель ва Украіне, якая ўваходзіць у склад Рускай праваслаўнай царквы і падпарадкоўваецца непасрэдна Патрыярху Маскоўскаму і ўсяе Русі. Па стане на 28 ліпеня навукова-даследчая група, пачала вывучэнне магчымых сувязяў Свята-Троіцкага Карэцкага стаўрапігіяльнага жаночага манастыра з замежнай рэлігійнай арганізацыяй, дзейнасць якой забаронена ва Украіне. «Любыя прыкметы замежнага ўплыву або падпарадкавання ў рамках забароненых структур стануць прадметам дбайнага расследавання, вынікі якога будуць прадстаўлены грамадскасці», — заявілі ў Дзяржслужбе.
Канстанцінопаль
Сусветны Патрыярх Варфаламей у аўторак, 29 ліпеня, раніцай абвясціў пра адкрыццё працы Сусветнага савета «Рэлігіі за мір». Форум працягнуўся да 30 ліпеня, і ў ім прынялі ўдзел больш за 60 рэлігійных лідараў з усяго свету.
У сваёй прамове пад назвай «Супярэчнасці і перадумовы міжрэлігійнага дыялогу» патрыярх адзначыў каштоўнасць і важнасць міжрэлігійнага дыялогу, асабліва ў эпоху раздзяленняў і дамінавання эканомікі і тэхналогій.
Афон
30 ліпеня кіроўца грузавіка быў знойдзены абгарэлым у сваім аўтамабілі недалёка ад манастыра святога Паўла на гары Афон. Пажар пачаўся пасля падзення грузавіка ў яр у лясной зоне побач з манастыром. Пажарныя, якія прыбылі на месца, падчас тушэння агню выявілі ўнутры згарэлага аўтамабіля цела кіроўцы. Агонь распаўсюдзіўся на бліжэйшы лес. У тушэнні пажару былі задзейнічаны 21 пажарны, 8 адзінак тэхнікі і пажарны самалёт.
Палестына
На мінулым тыдні ізраільскія пасяленцы зноў напалі на палесцінскую хрысціянскую вёску Тайбех на Заходнім беразе. Быў здзейснены падпал двух аўтамабіляў, а на сцены дамоў нанесеныя графіці з пагрозамі.
Паліцыя пачала расследванне інцэдэнту, але вінаватых у супрацьпраўных дзеяннях не арыштавала . Жэрыс Азар, жыхар Тайбеха і журналіст палесцінскага тэлебачання, паведаміў, што яго дом і машына таксама падвергліся нападу. Журналіст выказаў асаблівую трывогу за сваю сям’ю, успамінаючы напад у Думе ў 2015 годзе, калі пасяленцы забілі людзей, здзейсніўшы падпал іх дома.
Пасол Германіі ў Ізраілі асудзіў напад, напісаўшы: «Гэтыя экстрэмісцкія пасяленцы могуць сцвярджаць, што Бог даў ім гэтую зямлю. Але яны - злачынцы, агідныя для любой веры».
ЗША
Мэл Гібсан афіцыйна пачынае працу над фільмам «Уваскрэсенне Хрыста». Здымкі стартуюць у жніўні на легендарнай рымскай кінастудыі «Чынэчыта» (на гэтай студыі знятыя многія вядомыя фільмы рэлігійнай тэматыкі, у тым ліку «Quo vadis» Ежы Кавалеровіча і «Два Папы» Фернанду Мэйрэліша). Некаторыя сцэны таксама будуць знятыя на поўдні Італіі — у такіх гарадах, як Матэра, Джыноза, Гравіна-Лацерца і Альтамура, — аналагічна месцам, дзе здымаўся фільм «Пакуты Хрыстовы» у 2004 годзе. Кажучы пра сюжэт новага фільма, Гібсан адзначыў, што ён ахопіць «час ад падзення анёлаў да смерці апошняга апостала». Сцэнарый распрацоўваўся больш за сем гадоў сумесна з Рэндалам Уолесам, аўтарам фільма «Адважнае сэрца», і братам рэжысёра, Крысам Гібсанам. Карціна пазіцыянуецца як адзін з самых маштабных і амбіцыйных рэлігійных фільмаў дзесяцігоддзя.
Агляд падрыхтавалі прот. Георгій Рой