Дайджэст навін аб праваслаўі ў свеце (1-7 чэрвеня)
![]() |
Кіпр. Фота: orthodoxtimes.com |
Кіпр
Кіпрская Праваслаўная Царква перажывае перыяд глыбокіх унутраных узрушэнняў, звязаных з асобай мітрапаліта Пафаскага Ціхіка. Нядаўняе рашэнне Свяшчэннага Сінода адхіліць яго ад адміністрацыйных абавязкаў стала кульмінацыяй доўгага канфлікту, які пагражае адзінству Царквы.
Асноўная прычына канфлікту — адмаўленне прызнаваць хрышчэнні і мірапамазанні, здзейсненыя іншымі кананічнымі Праваслаўнымі Цэрквамі, настойваючы на паўторным хрышчэнні. Гэта выклікала рэзкую незадаволенасць Сусветнага Патрыярхату, Грэцкай Праваслаўнай Архіепіскапіі Амерыкі і Царквы Грэцыі, якія падалі афіцыйныя скаргі.
Акрамя таго Сінод абвінаваціў Ціхіка ў шэрагу іншых парушэнняў: рукапалажэнні святара, звязанага з раскольніцкай групай у Салоніках, асвячэнні капліцы ў гонар не кананізаванага Царквой т.зв. «Старца Неатанія (Віталіса)», а таксама ў сістэматычным непадпарадкаванні Архіепіскапу Георгію.
Канфлікт прывёў да экстранага пасяджэння Сінода. У ходзе галасавання 10 з 16 іерархаў прагаласавалі за адхіленне мітрапаліта, што сведчыць аб значных рознагалоссях унутры Сінода. Сярод тых, хто падтрымаў Ціхіка, былі мітрапаліт Лімасольскі Афанасій і мітрапаліт Морфскі Неафіт, чые прыхільнікі ў Пафасе арганізавалі збор подпісаў у яго абарону.
На мінулым тыдні прадстаяцель Кіпрскай царквы архіепіскап Георгій прапанаваў мітрапаліту Ціхіку падпісаць вызнанне веры, якое асуджае практыку непрызнання Таінстваў іншых праваслаўных цэркваў. Мітрапаліт Ціхік адмаўляецца ад гэтага і лічыць гэта абразаю для сябе і тым, што супярэчыць яго перакананням. Архіепіскап Георгій прыняў часовае кіраванне Пафаскай мітраполіяй. Далейшае развіццё сітуацыі будзе залежаць ад гатоўнасці мітрапаліта Ціхіка да кампрамісу і здольнасці Сінода аднавіць унутраную стабільнасць.
Румынія
Патрыярх Румынскі Данііл выступіў з заклікам да членаў Міжпарламенцкай асамблеі праваслаўя, заклікаўшы іх да актыўнага прасоўвання справядлівасці, міру і чалавечай годнасці ў свеце. Яго пасланне было перададзена пратасінгелам Аўгусцінам Команам у ходзе штогадовай сесіі Асамблеі, якая праходзіла ў Бухарэсце з 2 па 6 чэрвеня 2025 года.
Міжпарламенцкая асамблея праваслаўя служыць важнай платформай для парламентарыяў з 25 краін, спрыяючы дыялогу, салідарнасці і супрацоўніцтву сярод праваслаўных народаў. Патрыярх Данііл падкрэсліў неабходнасць аб'яднанага голасу праваслаўных парламентарыяў у вырашэнні глабальных маральных, сацыяльных і эканамічных крызісаў, а таксама ў абароне хрысціянскіх каштоўнасцей. Ён заклікаў іх працягваць сумесную працу па сцвярджэнні справядлівасці, міру і чалавечай годнасці.
Канстанцінопаль
Свяшчэнны Сінод Сусветнага Патрыярхату пад старшынствам Патрыярха Варфаламея прадоўжыў свае пасяджэнні 2 чэрвеня 2025 года, разгледзеўшы шэраг пытанняў парадку дня і прыняўшы адпаведныя рашэнні. Сярод рашэнняў, прынятых на другім дні сесіі, было пазбаўленне сану клірыка Іааніса Нікалаідзіса з Мітраполіі Швецыі і ўсёй Скандынавіі.
Акрамя таго, у ходзе пасяджэння Сінод абраў айца архімандрыта Фанурыяса Фоліёціса, пратасінгела Свяшчэннай Мітраполіі Швейцарыі, епіскам Тыянскім. У рамках працэдуры епіскапу-электу Фанурыясу, былі ўручаны паведамленні аб яго абранні ў адпаведнасці з традыцыйнымі абрадамі Сусветнага Патрыярхату.
Боснія і Герцагавіна
На мінулым тыдні Архімандрыт Мяфодзій, ігумен Свята-Успенскага манастыра Хіландар на гары Афон, прыбыў у Сараева. Гэты візіт з'яўляецца гістарычнай падзеяй, паколькі гэта першы зафіксаваны выпадак наведвання Сараева ігуменам Хіландарскага манастыра.
Ігумен Мяфодзій спачатку наведаў мітрапаліта Дабра-Баснійскага Хрызастома ў яго рэзідэнцыі ў Сараеве. Характэрна, што ў 1997 годзе Мітрапаліт Хрызастом рукапалажыў будучага ігумена, а тады іерадыякана Мяфодзія ў святары. Мітрапаліт Хрызастом прывітаў ігумена, прызнаўшы гістарычнае значэнне візіту і глыбокія сувязі паміж іх Мітраполіяй і Хіландарам.
Ізраіль
У мінулую нядзелю Патрыярх Іерусалімскі Феафіл III наведаў абшчыну Туран у Паўднёвай Галілеі, размешчаную недалёка ад горада Назарэта. Яго Свяцейшасць узначаліў Боскую літургію ў Святым храме Святога Георгія.
Перад Святым Прычасцем Патрыярх Феафіл III прамовіў пропаведзь, у якой праславіў святых айцоў, якія сабраліся на Першым Сусветным Саборы ў Нікеі ў 325 годзе н.э. Таксама Патрыярх адзначыў, што Іерусалімская Царква няўхільна захоўвае Апостальскую Традыцыю і боганатхнёнае вучэнне.
Украіна
Прапановы па аднаўленні еўхарыстычнага адзінства з Сусветным Патрыярхатам не атрымалі падтрымкі на пасяджэнні Украінскай Праваслаўнай Царквы (Маскоўскага Патрыярхату). 27 мая 2025 года УПЦ (МП) адзначыла трэцюю гадавіну «Феафаніеўскага Сабора», на якім епіскапы абмяркоўвалі выхад Царквы са складу Рускай Праваслаўнай Царквы (РПЦ-МП) і аднаўленне еўхарыстычных зносін з Сусветным Патрыярхатам.
Былі высунуты прапановы аб аднаўленні дыялогу і еўхарыстычнага адзінства з Сусветным Патрыярхатам, а таксама аб пошуку прызнання аўтакефаліі УПЦ іншымі Памеснымі Цэрквамі. Аднак гэтыя прапановы не былі падтрыманы. Сустрэча падвергнулася крытыцы за супадзенне з гадавінай «Харкаўскага Сабора», мэтай якога было прадухіленне абвяшчэння поўнай аўтакефаліі УПЦ ад РПЦ МП.
Мадагаскар
05 чэрвеня ў Святой мітраполіі Паўночнага Мадагаскара адбылося вянчанне цэлага шэрагу шлюбных пар, што стала знакавай падзеяй для праваслаўнай абшчыны рэгіёна.
На гэтай урачыстай падзеі прысутнічалі шматлікія вернікі, якія падзялілі лікаванне маладых. Духоўныя настаўленні і малітвы былі ўзнесены іерархамі і духавенствам мітраполіі, якія падкрэслілі важнасць вернасці, любові і ўзаемаразумення як асновы моцнай сям'і і пабожнага грамадства. Вянчанні сталі яркім сведчаннем актыўнага развіцця Праваслаўя на Мадагаскары і моцнай веры мясцовых прыхаджан.
Рым
Больш за 100 епіскапаў і экспертаў з розных хрысціянскіх канфесій сабраліся ў Рыме на канферэнцыю «Нікея і Царква ў трэцім тысячагоддзі». Форум прайшоў з 4 па 7 чэрвеня ў Папскім універсітэце Святога Фамы Аквінскага. Канферэнцыя была прысвечана асэнсаванню адносін паміж Праваслаўнай і Каталіцкай Цэрквамі.
Арганізатарамі канферэнцыі выступілі Міжнародная праваслаўная тэалагічная асацыяцыя (IOTA) і Інстытут экуменічных даследаванняў Папскага ўніверсітэта Святога Фамы Аквінскага. Канферэнцыя праходзіць пад патранажам Ватыканскага дэпартамента па садзейнічанні хрысціянскаму адзінству.
Папа Леў XIV прыняў удзельнікаў форуму на аўдыенцыі ў суботу, 7 чэрвеня.
Арганізатары канферэнцыі апісваюць Нікейскі сабор 325 года як «асноватворны для праваслаўна-каталіцкага адзінства». Яны таксама заяўляюць, што ён увёў «саборны спосаб вырашэння багаслоўскіх і кананічных пытанняў на сусветным узроўні. Нікейскі сімвал веры даў багаслоўскае бачанне трыадзінага Бога, якое працягвае накіроўваць агульную веру хрысціян, і ў прыватнасці Праваслаўнай і Каталіцкай Цэркваў. Канферэнцыя будзе сканцэнтравана на артыкуляцыі гэтай агульнай веры ў сучасным свеце з мэтай збліжэння дзвюх цэркваў у поўным адзінстве». Удзельнікі канферэнцыі разам прачыталі Нікеа-Царградскае вызнанне веры без дадавання “філіокве”.
Грэцыя - Арменія
2 чэрвеня ў гістарычнай прамове ў зале Старога грэчаскага парламента армянскі патрыярх Арам заклікаў да аднаўлення адзінства з Праваслаўнай царквой.
«Халкідонскі сабор, — заявіў патрыярх Арам, — стаў раздзяляльнай падзеяй у гісторыі ўсходняга хрысціянства. Але сёння, праз дыялог, мы зразумелі, што на самой справе ў нас агульная хрысталогія. Розныя тлумачэнні, розная фразеалогія выклікалі падзел унутры ўсходняга хрысціянства. Але сёння мы павінны пацвердзіць, што мы адзіныя ў нашым хрысталагічным мысленні і вучэнні».
«Дазвольце мне ясна сказаць: Армянская царква не манафізіцкая. Паўтараю – мы не манафізіты. Не я гэта кажу, — гэта кажа гісторыя. Розніца ўзнікла з-за асаблівасцей разумення грэчаскай мовы», — падкрэсліў патрыярх Арам.
Паўночная Македонія
На мінулым тыдні вернікі сабраліся на цэнтральнай плошчы Скоп'е, каб выказаць пратэст супраць рашэння кіраўніка Македонскай праваслаўнай царквы архіепіскапа Стэфана вылучыць на пасаду мітрапаліта Дэбар-Кічаўскай епархіі толькі аднаго кандыдата — іераманаха Джока Георгіеўскага, прафесара тэалагічнага факультэта ў Скоп'е і былога пасла Паўночнай Македоніі ў Ватыкане. 27 мая ён быў пастрыжаны ў манахі, а 28 і 29 мая, у свята Узнясення Гасподняга, быў асабіста рукапаложаны архіепіскапам у іерадыякана і іераманаха. Пратэстуючыя настойваюць на тым, каб у выбарах удзельнічаў як мінімум яшчэ адзін кандыдат — вікарны епіскап удавелай епархіі і настаяцель Бігорскага манастыра епіскап Парфеній. Епархія Дэбар-Кічава з цэнтрам у Охрыдзе з'яўляецца другой па значнасці ў Паўночнай Македоніі пасля сталіцы, таму яе кіраўнік будзе адыгрываць важную ролю ў царкоўным і грамадскім жыцці краіны.
ЗША
5 чэрвеня Архіерэйскі Сінод Рускай Праваслаўнай Царквы Замежжа (РПЦЗ) выступіў з рэзкай заявай, выказаўшы глыбокую занепакоенасць наконт трывожных тэндэнцый у расійскім грамадстве. Сінод лічыць, што Расія, сутыкнуўшыся з узмацненнем крызісу і міжнароднай напружанасці, небяспечна схіляецца да адраджэння «ілжывай і бязбожнай ідэалогіі, якая панавала ў мінулым стагоддзі».
У заяве, апублікаванай РПЦЗ, указваецца на перагляд «Канцэпцыі дзяржаўнай палітыкі па ўвекавечванню памяці ахвяр палітычных рэпрэсій» у 2024 годзе, які, на іх думку, «відавочна накіраваны на абеленне злачынстваў атэістычнага камуністычнага рэжыму». Гэта выклікае асаблівую трывогу на фоне таго, што ў 1981 годзе менавіта РПЦЗ праславіла ўсіх святых навамучанікаў і вызнаўцаў Рускіх, а Маскоўскі Патрыярхат рушыў услед іх прыкладу.
Сінод падкрэслівае, што новая канцэпцыя «паварочвае час назад і абмяжоўвае гэту не мала важную духоўную тэму», закрываючы шлях да пакаяння, які адкрывала папярэдняя версія 2015 года. Асаблівае абурэнне выклікае ўзвядзенне помнікаў Сталіну і Дзяржынскаму ў Маскве, а таксама заявы аб магчымым аднаўленні маўзалея на Чырвонай плошчы. РПЦЗ таксама занепакоена «дэрэабілітацыяй» тысяч людзей, несправядліва асуджаных пры камуністычным рэжыме, што, на іх думку, не вытрымлівае юрыдычнай крытыкі і вяртае агавораных у «багну хлусні таталітарнага перыяду».
У сваім звароце РПЦЗ заклікае ўсіх праваслаўных хрысціян «прызнаць сваю сапраўдную гісторыю» і «ісці шляхамі свабоды і святла, адназначна адхіляючы цемру мінулага». Сінод падкрэслівае сваю гатоўнасць прапанаваць дапамогу і падтрымку ў барацьбе з гэтымі тэндэнцыямі, захоўваючы сваю незалежнасць ад дзяржаў, партый і свецкіх ідэалогій.
ЗША
У панядзелак, 2 чэрвеня, у Нью-Ёрку адбыўся сімпозіум, прысвечаны 100-годдзю Румынскага Патрыярхату, пад назвай «Стагоддзе Патрыярхату, спадчына веры: Румынская Праваслаўная Царква праз гісторыю».
Мерапрыемства, арганізаванае Румынскай Праваслаўнай Мітраполіяй Амерыкі, Генеральным консульствам Румыніі і Румынскім культурным інстытутам, сабрала выдатных рэлігійных і культурных дзеячаў, стаўшы пляцоўкай для дэманстрацыі міжправаслаўнага супрацоўніцтва.
У сваім звароце Архіепіскап Амерыканскі Элпідафор ад імя Праваслаўнай Архіепіскапіі Сусветнага патрыярхату выказаў сардэчныя віншаванні Румынскай царкве. Архіепіскап вылучыў «узорнае супрацоўніцтва Румынскай Царквы ў рамках Асамблеі Кананічных Праваслаўных епіскапаў Злучаных Штатаў Амерыкі», што з'яўляецца яркім прыкладам адзінства і ўзгодненых дзеянняў розных юрысдыкцый на амерыканскай зямлі.
Грузія
Пяты прэзідэнт Грузіі Саломэ Зурабішвілі выказала сур'ёзную занепакоенасць наконт ролі Грузінскай Праваслаўнай Царквы ў бягучым унутрыпалітычным канфлікце. На яе думку, Царква, якая традыцыйна была слупом адзінства і незалежнасці краіны, цяпер выступае як адзін з бакоў супрацьстаяння паміж уладамі і грамадзянскай супольнасцю.
«Патрыярх, здаецца, больш не можа праводзіць сваю лінію. Гэта відаць па тым, што сёння Патрыярхія прадстаўляе толькі адзін бок, што ніяк не адлюстроўвае грамадства ў цэлым. Такая пазіцыя Царквы — велізарная страта для краіны», — заявіла Зурабішвілі.
Экс-прэзідэнт падкрэсліла гістарычную ролю Царквы ў фарміраванні грузінскай дзяржаўнасці, назваўшы яе «сапраўднай апорай нашай незалежнасці». Яна таксама раскрытыкавала кіруючую партыю «Грузінская мара», заявіўшы, што ёй удалося падзяліць і палітызаваць тры ключавыя элементы, якія заўсёды аб'ядноўвалі грузінскае грамадства: Царкву, культуру і спорт.
Заявы былога прэзідэнта прагучалі на фоне працяглых палітычных рознагалоссяў у Грузіі, дзе адносіны паміж уладамі і рознымі слаямі грамадства застаюцца напружанымі.
Албанія - Сербія
3 і 4 чэрвеня дэлегацыя Сербскай Праваслаўнай Царквы (СПЦ) здзейсніла візіт у гістарычны манастыр Святога Іаана, размешчаны ў горадзе Эльбасан у Албаніі. Мэтай візіту стаў удзел ва ўрачыстых мерапрыемствах, накіраваных на далейшае ўмацаванне сувязей з праваслаўнымі абшчынамі рэгіёна.
Манастыр Святога Іаана Уладзіміра мае асаблівае значэнне для праваслаўнага свету, з'яўляючыся месцам пахавання святога Іаана Уладзіміра, сербскага князя, які ўшаноўваецца як у Сербіі, так і ў Албаніі. Гэты візіт стаў важным крокам ва ўмацаванні сувязей Сербскай і Албанскай цэркваў.
Агляд падрыхтавалі прот. Георгій Рой