Дайджэст навін аб праваслаўі ў свеце (9-15 лютага)

Архірэйскі сабор Фінляндскай Праваслаўнай царквы. Фота: orthodoxtimes.com

Фінляндыя

У Хельсінкі прайшоў архірэйскі сабор Фінляндскай Праваслаўнай царквы пад старшынствам архіепіскапа Іліі.

На саборы было вырашана праводзіць яго не толькі ў форме пасяджэння, але і як сумесную працу архірэяў для абмеркавання актуальных пытанняў.

Адзначаецца, што архірэі Фінляндскай Праваслаўнай царквы будуць часцей служыць разам на богаслужэннях.

На архірэйскім саборы былі прыняты рашэнні аб запыце меркаванняў адносна шэрагу новых богаслужбовых спеваў, прыняцці скарочанага чыну Елеапамазання і па пытанні пахавання асоб, якія пакінулі Фінляндскую Праваслаўную царкву.



У Хельсінкі з 10 па 11 лютага прайшлі сумесныя Дні духавенства, арганізаваныя Праваслаўнай епархіяй Хельсінкі, Аб'яднаннем праваслаўнага духавенства і Каталіцкай епархіяй Хельсінкі. Гэтыя дні былі прысвечаны 1700-годдзю Першага Сусветнага Сабору ў Нікеі.

Гэта сустрэча праваслаўнага і каталіцкага духавенства стала самай маштабнай у гісторыі Фінляндыі. У ёй прынялі ўдзел каля сямідзесяці клірыкаў абедзвюх цэркваў.

«У галіне царкоўнага вучэння мы вельмі блізкія адзін да аднаго, аднак на практыцы амаль не сустракаемся. Гэта вялікая радасць, што мы можам сабрацца такой вялікай колькасцю, каб вучыцца адзін у аднаго», — лічыць старшыня Саюза праваслаўнага духавенства, святар Яака Вайніа.

Сустрэча прайшла ва Успенскім кафедральным саборы Хельсінкі 10 лютага і ў Каталіцкім кафедральным саборы св. Генрыха Упсальскага 11 лютага. Сярод дакладчыкаў выступалі мітрапаліт Іоў (Геча), прафесар святар Томас Пот, доктар багаслоўя святар Оскары Юурыкала, а таксама прафесар архімандрыт Серафім (Сеппяля).

Канстанцінопаль

У Канстанцінопалі пад старшынствам Сусветнага Патрыярха Варфаламея прайшло пасяджэнне Святога і Свяшчэннага Сінода Сусветнага Патрыярхату.

Сярод іншага, Сінод выказаў занепакоенасць з нагоды працяглай сейсмічнай актыўнасці на Сантарыні і прылеглых астравах, а таксама выказаў сваю заклапочанасць і падтрымку мясцовай Царкве і насельніцтву. У сувязі з гэтым было накіравана адпаведнае паведамленне Праасвяшчэннаму Мітрапаліту Феры Амфілохію.

У ходзе сінадальных пасяджэнняў на спецыяльным богаслужэнні ў храме св. Георгія Патрыярх Варфаламей і члены Сінода падпісалі Сінадальны акт аб кананізацыі святога прападобнага Хрыстафора (Панагіятопуласа), вядомага як Папулакос.

У завяршэнне працы патрыярх Варфаламей звярнуўся да шасці членаў Свяшчэннага Сінода ў сувязі з завяршэннем іх сінадальнай кадэнцыі і цяперашняга сінадальнага перыяду.

13 лютага 2025 года Сусветны патрыярх Варфаламей прыняў у сваёй рэзідэнцыі Прадстаяцеля Царквы Чэшскіх зямель і Славакіі Архіепіскапа Прашоўскага Расціслава ў суправаджэнні Мітрапаліта Міхалупольскага Георгія і епіскапа Оламаўцкага Ісаі. Іерархі абмеркавалі пытанні ўзаемадзеяння Царквы Чэшскіх зямель і Славакіі з Сусветным патрыярхатам.

Увечары іерархі з Чэхіі і Славакіі прынялі ўдзел у афіцыйным абедзе, арганізаваным у іх гонар па благаславенні Сусветнага патрыярха Варфаламея.

ЗША-Украіна

Мітрапаліт Кіеўскі і ўсёй Украіны Епіфаній у суправаджэнні сваёй дэлегацыі наведаў Архіепіскапію Амерыкі ў Нью-Ёрку ў рамках свайго афіцыйнага візіту ў Злучаныя Штаты. Мітрапаліта суправаджаў мітрапаліт Белацэркаўскі Еўстрацій. Архіепіскап Амерыканскі Элпідофор вітаў мітрапаліта Епіфанія і выказаў глыбокую ўдзячнасць і радасць з нагоды яго прысутнасці ў Злучаных Штатах. Ён падкрэсліў важнасць гэтага візіту як для Украіны, так і для адзінства Праваслаўя ў гэтыя складаныя часы. Гаворачы пра расійскае ўварванне ва Украіну, архіепіскап Элпідофор падкрэсліў неабходнасць дакладнага вызначэння агрэсара і перспектыў усталявання справядлівага міру. Ён таксама падкрэсліў, што Архіепіскапія Амерыкі будзе цесна супрацоўнічаць з новай адміністрацыяй ЗША, каб гарантаваць, што Украіна і яе народ атрымаюць заслужаную падтрымку ў аднаўленні міру і тэрытарыяльнай цэласнасці. Акрамя таго, архіепіскап Элпідофор выказаў непахісную салідарнасць Архіепіскапіі з украінскім народам, прызнаючы велізарныя пакуты і несправядлівасць, выкліканыя расійскай агрэсіяй. Ён падкрэсліў пільную неабходнасць аднаўлення разбураных цэркваў і рэлігійных устаноў ва Украіне. Прысутнасць мітрапаліта Епіфанія ў Вашынгтоне і ўдзел ва ўкраінска-амерыканскім малітоўным сняданку далі магчымасць прадставіць зварот Украіны да ўрада ЗША. Архіепіскап Амерыкі пацвердзіў, што Святая Архіепіскапія Амерыкі, як Першая Епархія Вялікай Царквы Хрыста ў Новым Свеце, будзе працягваць падтрымліваць украінскі народ і цалкам падтрымліваць справядлівасць і праўду ў яго барацьбе за аднаўленне тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны.

У Егіпце 

11 лютага 2025 года Папа і Патрыярх Александрыйскі і ўсёй Афрыкі Феадор II з радасцю прыняў групу паломнікаў з Сербскай Царквы, якую ўзначальваў іерадыякан Васілій Мпурсац, дырэктар Упраўлення рэлігійнага турызму Сербскага Патрыярхату.

Падчас сустрэчы Патрыярх Феадор II распавёў пра доўгую і плённую гісторыю Александрыйскай Царквы, падкрэсліўшы яе важную місіянерскую працу на афрыканскім кантыненце. Ён таксама закрануў праблемы, з якімі сутыкаецца Царква ў сваёй місіі.

Завяршаючы сустрэчу, Патрыярх выказаў брацкую любоў і добрыя пажаданні Патрыярху Сербіі Парфірыю, а таксама сваю падзяку дабрачыннаму сербскаму народу. Іерадыякан Васілій Мпурсац у сваю чаргу падзякаваў Патрыярху за цёплы прыём і выказаў удзячнасць за нястомную місіянерскую, гуманітарную і адукацыйную дзейнасць Александрыйскай Царквы ў XXI стагоддзі.

Пасля афіцыйнай часткі сустрэчы паломнікі агледзелі памяшканні Патрыяршай рэзідэнцыі.

У Балгарыі 

На мінулым тыдні Свяшчэнны Сінод Балгарскай Праваслаўнай Царквы – Балгарскага Патрыярхату (БПЦ-БП) аднагалосна абраў епіскапа Браніцкага Пахомія новым мітрапалітам Відынскім. Выбранне новага мітрапаліта Відынскага пачалося з здзяйснення Боскай літургіі. Пасля завяршэння літургіі Патрыярх Балгарскі Данііл звярнуўся да іерархаў Свяшчэннага Сінода са словамі: «Давайце з гарачай малітвай паклічам на дапамогу Святога Духа і з чыстым і добрым епіскапскім сумленнем выканаем наш архіпастырскі абавязак і абярэм кананічна законнага мітрапаліта на епіскапскі прастол Відына». Свяшчэнны Сінод Балгарскай Праваслаўнай Царквы правёў выбары новага мітрапаліта Відынскага, іерархі галасавалі ў Сінадальнай капліцы. Пасля падліку галасоў Патрыярх Данііл афіцыйна абвясціў епіскапа Пахомія Браніцкага кананічна абраным мітрапалітам Відынскім.

У Румыніі 

У сераду, 14 лютага 2025 года, Патрыярх Румынскі Данііл прыняў у Патрыяршай рэзідэнцыі пасла Чэшскай Рэспублікі ў Бухарэсце, Яго Правасхадзіцельства Марціна Кошатку.

Госцю паказалі музей у Патрыяршай рэзідэнцыі і залу румынскіх святых.

Пасол Марцін Кошатка заявіў пасля сустрэчы з Патрыярхам Даніілам: «Для мяне было вялікім гонарам быць прынятым Патрыярхам Румынскай Праваслаўнай Царквы, духоўным лідарам гэтай краіны. Для мяне гэта была магчымасць абмеркаваць многія рэчы з Патрыярхам. Мы пагаварылі пра румынскую абшчыну ў маёй краіне, якая даволі вялікая, і Яго Блажэнства клапоціцца пра гэтых людзей, таму што яны з Румынскай Праваслаўнай Царквы. Мы таксама абмеркавалі шмат іншых пытанняў».

У Демократычнай Рэспубліцы Конга 

Александрыйскі Патрыярхат абвясціў, што яго епархія ў Гоме (ДР Конга) знаходзіцца ў вельмі складанай сітуацыі пасля таго, як паўстанцы захапілі цэнтральны горад Гома з насельніцтвам больш за 1 мільён чалавек. Мэтай паўстанцкай групоўкі было захапленне багатай рэсурсамі правінцыі Паўночнае Ківу, дзе здабываюцца вялікія аб'ёмы некаторых з самых рэдкіх і каштоўных металаў у свеце, уключаючы калтан і кобальт (40% сусветнай здабычы), золата, нікель і медзь.

У заяве Александрыйскага Патрыярхату гаворыцца: «Сітуацыя ў епархіі Гома надзвычай цяжкая пасля наступу паўстанцаў на горад Гома на ўсходзе ДР Конга. Горад Гома разрабаваны, паўстанцкія сілы адключылі ваду і электрычнасць. Крамы разрабаваны, адчуваецца вялікі недахоп харчавання, а тыя нешматлікія прадукты, якія ёсць у наяўнасці, цяпер каштуюць у пяць разоў даражэй».

Праасвяшчэннейшы епіскап Гомскі Цімафей - кангалезец па паходжанні і грэцкі святар архімандрыт Нічыпар (Кампоці) не хочуць пакідаць сваю паству. Яны знаходзяцца там, зачыненыя ў гатэлі, пакуль у адноснай бяспецы, і моляцца аб спыненні вайны. У мінулую нядзелю яны адслужылі Святую Імшу ў гатэлі, пры гэтым парафіянаў было вельмі мала, паколькі рух па вуліцах небяспечны. Яго Блажэнства Папа і Патрыярх Александрыйскі і ўсёй Афрыкі Феадор знаходзіцца ў пастаянным кантакце з епіскапам Гомскім Цімафеем, а таксама з іншымі іерархамі Патрыярхату ў ДР Конга. «Няхай дапаможа Бог усім людзям, якія зараз перажываюць гэта жорсткае выпрабаванне».

Хрысціяне ў Демократычнай Рэспубліцы Конга складаюць 40% насельніцтва краіны, большасць з іх — каталікі і пратэстанты, але таксама ёсць вельмі вялікая праваслаўная абшчына. Праваслаўная царква ў краіне была афіцыйна заснавана ў 1972 годзе.

Александрыйскі Патрыярхат заклікае маліцца за хрысціян і ўсё насельніцтва горада Гома.

У Грузіі 

Протаіерэй Грузінскай праваслаўнай царквы Георгій Церодзе звярнуўся з адкрытым лістом да начальніка Дэпартамента па асобых даручэннях МУС Грузіі Звіада Харазішвілі. Адкрыты ліст з'явіўся на фоне працяглых пратэстаў супраць урада і росту колькасці арыштаў пратэстуючых, уключаючы лідэраў апазіцыі, журналістаў і грамадскіх дзеячаў.

Протаіерэй Георгій Церодзе заклікае Звіада Харазішвілі, які адрозніваецца асаблівай жорсткасцю ў адносінах да грамадзян, змяніць свае дзеянні і прывесці іх у рамкі як мінімум закона і тым больш боскай справядлівасці.

Аўтар піша, што асноўныя тэзісы яго адкрытага ліста будуць ухвалены не толькі тымі, хто чакае ўваскрашэння мёртвых і будучага жыцця, — не толькі хрысціянамі, але і ўсімі іўдзеямі і мусульманамі, а таксама многімі няверуючымі.

Святар звяртаецца да начальніка спецназа са словамі: «Кожны чалавек незаменна каштоўны для Бога. Быць чалавекам — гэта дар. Пасля грэхападзення прабацькоў Бог стаў чужым чалавеку, як і чалавек стаў чужым чалавеку. Прайшлі стагоддзі, перш чым Ісус Хрыстос вярнуў нам Бога як Айца, і чалавек зноў стаў братам. Пасля Хрыста ўсякі, хто кажа, што той ці іншы чалавек можа быць прыніжаны, — праціўнік Хрыста і вораг Бога».



Патрыярхія Грузіі звярнулася ў МУС краіны з нагоды верагоднага акту вандалізму на тэрыторыі манастыра Джвары, які з'яўляецца сімвалам хрысціянства і аб'ектам культурнай спадчыны ЮНЕСКА.

У заяве Патрыярхіі гаворыцца аб звароце ў МУС для ўстанаўлення сапраўднасці фактаў і адпаведнага рэагавання.

Раней на гэтым тыдні карыстальнік TikTok пад нікам RASHID AHMED у прамым эфіры паказаў чалавека, які танцуе на фоне надпісаў на сцяне храма. Па ўсёй бачнасці, аўтар відэа і яго спадарожнікі напісалі там свае імёны.

Ультраправыя рухі заклікалі да расправы з вандаламі. Праўладны тэлеканал «Імеді» паказаў профілі меркаванага аўтара відэа ў розных сацсетках, сцвярджаючы, што ён з'яўляецца «актыўным удзельнікам» пратэстных акцый у Тбілісі.

Патрыярхія Грузіі назвала здарэнне «блюзнерствам» і «абразлівым актам з боку грамадзян замежнай дзяржавы не толькі супраць царквы, але і супраць усёй краіны». Адначасова там адзначылі, што заклікі да асабістай помсты, якія гучаць у сацсетках, недапушчальныя.

Манастыр Джвары знаходзіцца на вяршыні гары, дзе зліваюцца Кура і Арагві. Штодня яго наведваюць сотні турыстаў. Надпісы на сценах храма з'яўляліся і раней, але Патрыярхія не рэагавала на гэтыя факты.

У Грэцыі 

Муніцыпалітэт Уранопаліса прыняў рашэнне цалкам адмовіцца ад старога праекта перабудовы марскога прычала і пачаць праектаванне і будаўніцтва цалкам новага порта практычна з нуля. З прычалаў гэтага горада адпраўляюцца ўсе паломніцкія групы на святую гару Афон.

Муніцыпалітэт горада пачынае новыя інжынерныя даследаванні, ўзгадненні і шукае новыя крыніцы фінансавання гэтага праекта.

Агляд падрыхтавалі прот. Георгій Рой

Падтрымка праекта

Вы можаце падтрымаць наш праект:

Contribee PayPal


VšĮ „Krikščionių ortodoksų iniciatyvų centras“
IBAN: LT487300010173170576
SWIFT: HABALT22