Дайджэст навін аб праваслаўі ў свеце (16-22 лютага)
![]() |
Патрыярхі і кіраўнікі цэркваў у Іерусаліме. Фота: orthodoxtimes.com |
Іерусалім
Патрыярхі і кіраўнікі цэркваў у Іерусаліме рашуча асудзілі несправядлівы загад аб прымусовым спагнанні грашовых сродкаў, вынесены супраць Іерусалімскага Армянскага Патрыярхату. У сумесным лісце яны заклікалі ўрад Ізраіля неадкладна ўмяшацца і спыніць дзеянні муніцыпалітэта.
Хрысціянскія лідары назвалі гэтыя меры "юрыдычна сумнеўнымі і маральна непрымальнымі", падкрэсліўшы, што хрысціянскія інстытуты на Святой Зямлі на працягу стагоддзяў адыгрывалі ключавую ролю ў абароне веры, служэнні супольнасцям і захаванні сакральнай спадчыны.
Хрысціянскія лідары выказалі асаблівую заклапочанасць у сувязі з тым, што муніцыпалітэт спрабуе спагнаць падатковую запазычанасць без судовага разбору і насуперак рашэнню дзяржаўнага камітэта, створанага для ўрэгулявання падобных спрэчак. "Гэты неабдуманы крок ставіць пад пагрозу Армянскі Патрыярхат і стварае небяспечны прэцэдэнт, які можа паставіць пад удар хрысціянскія інстытуты па ўсёй Святой Зямлі", — гаворыцца ў заяве.
Лідары цэркваў заклікалі прэм’ер-міністра Ізраіля Біньяміна Нетаньяху, міністра ўнутраных спраў Мошэ Арбэля і міністра Цахі Ханэгбі неадкладна ўмяшацца, замарозіць усе працэдуры канфіскацыі і аднавіць перамовы ў рамках названага дзяржаўнага камітэта для дасягнення справядлівага і мірнага вырашэння праблемы.
Гэты апошні віток напружанасці паміж хрысціянскай супольнасцю і ізраільскімі ўладамі выклікаў занепакоенасць адносна далейшага ціску на рэлігійныя ўстановы ў рэгіёне. Царкоўныя кіраўнікі і міжнародныя арганізацыі ўважліва сочаць за развіццём сітуацыі.
Турцыя
У Турцыі пададзены судовы пазоў супраць мітрапаліта Імброскага і Тэнадаскага Кірыла за нашэнне расы ў грамадскіх месцах. Пазоўнік абвінавачвае іерарха ў парушэнні турэцкага заканадаўства, якое забараняе публічнае нашэнне рэлігійнага адзення.
У скарзе сцвярджаецца, што мітрапаліт Кірыл з'яўляўся ў грамадскіх месцах у поўным царкоўным аблачэнні, уключаючы расу і камілаўку. Акрамя таго, пазоўнік спасылаецца на прынцып "узаемнасці" адносна мусульманскай меншасці ў Грэцыі, дзе, паводле яго сцвярджэння, мусульманскім духоўным асобам забаронена насіць сарыкі. Аднак на самой справе ў Грэцыі няма ніякіх юрыдычных абмежаванняў наконт адзення мусульманскіх рэлігійных дзеячаў.
Турэцкае заканадаўства дазваляе насіць рэлігійнае адзенне публічна толькі кіраўнікам рэлігійных супольнасцяў, у той час як астатнім святарам гэта забаронена. Назіральнікі лічаць, што судовы пазоў супраць мітрапаліта Кірыла мае палітычны падтэкст і адзначаюць, што падобныя судовыя справы рэдка атрымліваюць падтрымку ў судах.
Балгарыя
Балгарскі Патрыярх Данііл і міністр адукацыі Балгарыі Красімір Вылчэў абмеркавалі магчымасць увядзення ў школах курса пра дабрадзейнасці і рэлігіі. Міністр паведаміў, што разглядаецца варыянт, пры якім вучні змогуць выбіраць паміж вывучэннем рэлігіі або курсам этыкі, як гэта прынята ў большасці еўрапейскіх краін.
Патрыярх Данііл падтрымаў ініцыятыву і прапанаваў экспертную дапамогу Царквы ў абмеркаванні рэформы. Ён падкрэсліў важнасць прадмета для адукацыі і духоўнага развіцця дзяцей, адзначыўшы, што гэта можа дапамагчы зменшыць агрэсію ў школах. Бакі адзначылі станоўчы досвед выкладання факультатыўнага курса па праваслаўным хрысціянстве і распрацоўкі адпаведных падручнікаў.
Рым-Канстантынопаль
Папа Рымскі Францішак працягвае праходзіць лячэнне ад двухбаковай пнеўманіі ў каталіцкай бальніцы Агосціна Джэмэлі. Згодна з заявай прэс-службы Ватыкана, стан Папы значна палепшыўся: ён больш не мае патрэбы ў пастаяннай кіслароднай падтрымцы і ўжо можа ўставаць з ложка.
Сусветны Патрыярх Варфаламей накіраваў Папе Францішку ліст з пажаданнямі хутчэйшага выздараўлення. Пасланне было перададзена кардыналу Георгію Кавакаду падчас яго візіту ў Фанар 18 лютага. Сустрэча праходзіла ў рамках падрыхтоўкі да магчымага візіту Папы ў Турцыю гэтай вясной, дзе папа Францішак і патрыярх Варфаламей павінны прыняць удзел у сумесным святкаванні 1700-годдзя Першага Сусветнага Сабору ў Нікеі.
Кенія-Уганда
15 лютага 2025 года Патрыярх Александрыйскі і ўсяе Афрыкі Феадор II прыбыў у Найробі, дзе яго сустрэлі прадстаўнікі духавенства і дыпламатычнага корпуса.
У той жа дзень ён узначаліў вячэрнюю службу ў саборы мясцовай епархіі, дзе студэнты Патрыяршай семінарыі выканалі літургічныя спевы. У сваёй прамове Патрыярх выказаў занепакоенасць сітуацыяй у Александрыйскім патрыярхаце, які падвяргаецца ціску з боку Рускай царквы. Ён таксама падкрэсліў важнасць місіянерскай дзейнасці і гістарычную ролю місіянераў Александрыйскага патрыярхата, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё праваслаўя ў Кеніі.
Пасля набажэнства адбылася сустрэча Патрыярха з кенійскімі іерархамі. У ходзе абмеркаванняў закраналіся пытанні працы Патрыярхата ў Кеніі, праблемы духавенства і далейшыя планы Александрыйскай царквы ў рэгіёне.
18 лютага Патрыярх Александрыйскі і ўсяе Афрыкі Феадор II прыбыў ва Уганду з трохдзённым пастырскім візітам. У аэрапорце Энтэбэ яго сустрэлі прадстаўнікі ўрада, духавенства і праваслаўнай супольнасці.
Пасля прыбыцця Патрыярх накіраваўся ў Прэзідэнцкі палац, дзе яго сустрэлі прэзідэнт Уганды Ёверы Мусевені і віцэ-прэзідэнт Джэсіка Алупа. У ходзе гутаркі прэзідэнт падкрэсліў важнасць хрысціянскай прысутнасці ў Афрыцы і заклікаў духавенства працягваць місіянерскую дзейнасць. Ён таксама асудзіў рэлігійны фанатызм і тэрарызм, адзначыўшы неабходнасць сведчання любові і міласэрнасці. У завяршэнне сустрэчы Патрыярх падарыў прэзідэнту ікону Панагіі ў знак падзякі за падтрымку праваслаўнай грамады.
Увечары ў гонар Патрыярха быў арганізаваны прыём паслом Егіпта ва Угандзе, на якім прысутнічалі высокапастаўленыя асобы краіны і духавенства.
Сербія
18 лютага споўнілася чатыры гады з дня абрання Патрыярха Сербскага Парфірыя. Ён быў абраны 46-м Прадстаяцелем Сербскай Праваслаўнай Царквы на пасяджэнні Свяшчэннага Сабору Епіскапаў у Бялградзе 18 лютага 2021 года. Урачыстая інтранізацыя прайшла 19 лютага 2021 года.
За чатыры гады служэння Патрыярх Парфірый актыўна развіваў дзейнасць Сербскай Праваслаўнай Царквы, здзяйсняючы літургічныя службы, наведваючы епархіі, сустракаючыся з сусветнымі і нацыянальнымі лідарамі, рэалізуючы дабрачынныя праекты і звяртаючыся да вернікаў са шчырымі пастырскімі пасланнямі.
Іерусалім
16 лютага Патрыярх Іерусалімскі Феафіл прыняў Кіраўніка Святой Гары Афон спадара Алківіядзіса Стэфаніса. У ходзе сустрэчы абмяркоўвалася роля Святой Гары Афон як цэнтра праваслаўнага манаства і яе ўзаемадзеянне з Іерусалімскай царквой. Па заканчэнні сустрэчы Кіраўнік Афона атрымаў дабраславенне на наведванне Грабніцы Гасподняй, дзе яго сустрэў старэйшы рызнічы архіепіскап Іерапальскі Ісідар.
Сірыя
Патрыярх Антыяхійскі і ўсяго Усходу Ян X наведаў рэгіён Даліны Хрысціян, дзе яго сустрэлі шматлікія мясцовыя жыхары. Прывітальная працэсія пачалася на скрыжаванні даліны і завяршылася ў Патрыяршым манастыры Святога Георгія Хумейры.
Падчас візіту Патрыярх выслухаў звароты вернікаў, якія выказалі адданасць сваёй радзіме і Царкве. Звяртаючыся да прысутных, ён заклікаў іх захоўваць веру і адданасць духоўным традыцыям. У завяршэнне Патрыярх выказаў надзею, што мір і стабільнасць неўзабаве запануюць ў Сірыі.
Фінляндыя
10-11 лютага 2025 года мітрапаліт Пісідыйскі Іоў наведаў Хельсінкі па запрашэнні Праваслаўнай Царквы Фінляндыі, каб выступіць на Днях праваслаўна-каталіцкага духавенства, арганізаваных сумесна з Рымска-каталіцкай епархіяй Хельсінкі, дзе ён прадставіў вынікі і перспектывы міжнароднага багаслоўскага дыялогу паміж Праваслаўнай Царквой і Рымска-каталіцкай Царквой. Падчас свайго знаходжання мітрапаліт Іоў сустрэўся з Прадстаяцелем аўтаномнай Праваслаўнай Царквы Фінляндыі архіепіскапам Хельсінкі Іллёй.
Малітва за Украіну, прызначаная для праваслаўных памінальных службаў, прысвечаных гадавіне расійскага ўварвання, выклікала рознагалоссі ў Фінскай праваслаўнай царкве.
Трэцяя гадавіна нападу Расіі прыпадае на панядзелак, 24 лютага.
Малітва, складзеная праваслаўнай дабрачыннай арганізацыяй «Філантропія», была ўхвалена архіепіскапам Іллёй, кіраўніком Фінскай праваслаўнай царквы. Аднак, паводле звестак Фінскага інфармацыйнага агенцтва, яна была рашуча адхілена мітрапалітам Арсеніем.
«Філантропія» распаўсюдзіла малітву па электроннай пошце сярод праваслаўных прыходаў па ўсёй Фінляндыі. У тэксце малітвы змешчаны зварот да Госпада абараніць «шматпакутну Украіну».
Архіепіскап Ілля, кіраўнік царквы, заклікаў прыходы адзначыць гадавіну вайны правядзеннем малебнаў альбо ў нядзелю, 23 лютага, альбо ў панядзелак, 24 лютага. Аднак мітрапаліт Арсеній з Куопіа-Карэльскай епархіі выдаў асобнае ўказанне сваім прыходам, якое забараняе чытанне гэтай малітвы.
У сваім лісце мітрапаліт Арсеній распарадзіўся, што, хоць сама памінальная служба можа быць праведзена, суправаджальная малітва «не павінна чытацца ні пры якіх абставінах». «Прыходы павінны пазбягаць любых дзеянняў, якія могуць стварыць канфрантацыю паміж украінцамі і рускімі. Правядзенне падобнага малебна можа патэнцыйна распаліць такія рознагалоссі», — напісаў Арсеній.
Мітрапаліт Арсеній назваў малітву палітычна матываванай. «Яна падтрымлівае адзін з бакоў у вайне. У нашы прыходы ўваходзяць як украінцы, так і рускія. Як епіскап епархіі, мой абавязак — захоўваць адзінства, а не падзяляць парафіі, прымаючы чыйсьці бок», — сказаў ён.
Егіпет
У апошнія дні паміж Грэцыяй і Егіптам у пэўнай меры абвастрыліся дыпламатычныя адносіны, што было выклікана сітуацыяй з праваслаўным Сінайскім манастыром. Заснаваны ў 546 годзе імператарам Юстыніянам, гэты найстарэйшы хрысціянскі манастыр валодае ўнікальным статусам і гістарычна карыстаўся абаронай, у тым ліку згодна з дакументам, які прыпісваецца прароку Мухамеду. Аднак у апошні час з'явіліся ілжывыя сцвярджэнні ў егіпецкіх СМІ аб тым, што манахі не з'яўляюцца законнымі ўладальнікамі манастырскіх земляў.
Грэцкі ўрад адрэагаваў аператыўна: дэлегацыя на чале з генеральным сакратаром па рэлігійных справах спадаром Каланзісам правяла ў Егіпце перамовы з губернатарам Паўднёвага Сіная Халедам Мубаракам. У ходзе трохгадзіннай сустрэчы бакі абмеркавалі статус манастыра і яго ролю ў рамках амбіцыйнага праекта прэзідэнта Абдэль Фатаха ас-Сісі па развіцці рэгіёну Святой Кацярыны як турыстычнага цэнтра.
Па выніках перамоваў было заяўлена аб прыхільнасці абодвух бакоў захаванню рэлігійнай і культурнай спадчыны манастыра, а таксама абароне манаскага жыцця Святога Брацтва. Грэцкі ўрад разглядае Сінайскі манастыр як важны сімвал элінізму ў Егіпце. Афіны маюць намер умацоўваць супрацоўніцтва з Каірам у галіне рэлігійнага турызму, аховы старажытнасцей і юрыдычнага статусу абіцелі. У цяперашні час распрацоўваюцца Мемарандумы узаемаразумення, прызваныя замацаваць дасягнутыя дамоўленасці.
Афон
Землятрус магнітудай 4,9 бала па шкале Рыхтэра быў зафіксаваны на гары Афон у дзённыя гадзіны ў суботу, 15 лютага паведаміла Грэцкая геафізічная служба. Эпіцэнтр землетрусу знаходзіўся прыкладна ў 10 кіламетраў ал Карыеса - адміністрацыйнага цэнтра Афона. Землятрус непасрэдна закрануў манастыры Зограф і Хілендар. У манастырскіх будынках абваліліся коміны і столь адной з келляў.
Балгарыя-Канстантынопаль
17 лютага Патрыярх Балгарскі Данііл прыняў у Сафіі дэлегацыю Сусветнага Патрыярхату, якую ўзначальваў мітрапаліт Халкідонскі Эмануіл. Візіт быў прысвечаны абмеркаванню пытанняў, якія ўяўляюць узаемны і агульнаправаслаўны інтарэс. У сустрэчы ўдзельнічалі балгарскія іерархі, уключаючы мітрапалітаў Вялікатырнаўскага Грыгорыя, Неўракопскага Серафіма і Старазагорскага Кіпрыяна. Патрыярх Данііл выказаў падзяку Сусветнаму Патрыярху Варфаламею за падтрымку, падкрэсліўшы гістарычную сувязь Балгарскай Царквы з Канстанцінопальскім Патрыярхатам.
Злучаныя Штаты Амерыкі
На мінулым тыдні адбылося паседжанне Прадсаборнай камісіі Праваслаўнай Царквы ў Амерыцы (ПЦА), прысвечанае падрыхтоўцы да 21-га Усеамерыканскага Сабору, які пройдзе з 14 па 18 ліпеня 2025 года ў горадзе Фініксе, штат Арызона. Паседжанне адкрыў Вялебны Мітрапаліт Амерыканскі Ціхан, які ўзнёс малітву і выказаў падзяку сябрам камісіі за іх працу напярэдадні важнай падзеі.
Адным з ключавых пытанняў сустрэчы стала канчатковае зацвярджэнне раскладу Сабора. Першая пленарная сесія пачнецца ў панядзелак, 14 ліпеня, а заключная - у пятніцу 18 ліпеня.
Камісія заслухала справаздачы па арганізацыйных пытаннях, уключаючы лагістыку, рэгістрацыю, працу мясцовых камітэтаў і ўдзел Федэрацыі Праваслаўных Хрысціянскіх Аб'яднанняў Амерыкі. Знакавай падзеяй дзейнасці Сабора стане прадстаўленне новай іконы святых Паўночнай Амерыкі, а таксама іконы святой Вольгі Аляскінскай, якая будзе прадстаўлена ў сувязі з яе нядаўняй кананізацыяй. Упершыню на Саборы прагучаць царкоўныя спевы, прысвечаныя новапраслаўленай святой Вользе. Сябры камісіі разгледзелі і зацвердзілі прапанаваны парадак дня Сабору. Цяпер дакумент будзе перададзены на адабрэнне Мітрапаліцкай Радзе і Сіноду.
Кіпр
У сераду, 19 лютага Архіепіскап Кіпра Георгій прыняў настаяцеля афонскага Ватапедскага манастыра архімандрыта Яфрэма ў рамках яго візіту на востраў. Сустрэча прайшла ў Архіепіскапіі Кіпра ў цёплай і брацкай атмасферы. Архімандрыт Яфрэм прыбыў у суправаджэнні манахаў Ватапедскай абіцелі.
Архімандрыт Яфрэм знаходзіцца на Кіпры па запрашэнні мітрапаліта Кіційскага Нектарыя і мітрапаліта Канстанцыі і Фамагусты Васілія. Яго візіт прымеркаваны да гадавіны прыбыцця на востраў Пояса Прасвятой Багародзіцы — падзеі, якая выклікала шырокі духоўны водгук сярод кіпрыётаў.
Візіт архімандрыта Яфрэма на Кіпр прадоўжыцца некалькі дзён. У яго рамках запланаваны богаслужэнні і выступленні, на якіх збяруцца шматлікія вернікі, якія жадаюць атрымаць благаславенне і настаўленні настаяцеля Ватапедскай абіцелі.
Румынія
16 лютага ў Патрыяршым саборы Румынскай Праваслаўнай Царквы адбылася хіратонія епіскапа Нектарыя, абранага 5 лютага на пасаду вікарнага епіскапа Кішынёўскай архіепіскапіі. Гэта месца заставалася вакантным з 2018 года пасля прызначэння вікарнага епіскапа Антонія архірэем Бэльцкай епархіі.
Цырымонію ўзначаліў Патрыярх Румынскі Данііл у суслужэнні Мітрапаліта Бесарабскага Пятра. Па завяршэнні літургіі быў зачытаны патрыяршы акт аб пастаўленні, пасля чаго новы епіскап атрымаў з рук Патрыярха літургічныя рызы, архіерэйскі посах і іншыя знакі епіскапскай годнасці.
Расія
На наступны дзень пасля гучнай спрэчкі з Патрыярхам Кірылам, сайт святара Рускай праваслаўнай царквы Аляксея Шляпіна перастаў функцыянаваць.
Нагадаем, што 11 лютага на сходзе духавенства Маскоўскай мітраполіі святар Аляксей Шляпін уступіў у палеміку з Патрыярхам Кірылам. Святар выказаў меркаванне, што абавязак Царквы заключаецца не ў прапагандзе патрыятычных наратываў, а ў прывядзенні людзей да Царства Божага. У адказ на гэта Патрыярх Кірыл у прыніжальнай манеры выказаў здагадку, што святар - выхадзец з Заходняй Украіны і параіў яму задумацца над сваімі памылкамі.
Паводле інфармацыі "Новай газеты Еўропа", пасля інцыдэнту ў доме святара быў праведзены вобшук. Таксама паведамляецца, што сайт айца Аляксея Шляпіна перастаў працаваць 12 лютага. У цяперашні час сайт святара недаступны. Прычыны блакіроўкі сайта застаюцца невядомымі.
Эстонія
19 лютага 2025 года на першым чытанні на пленарным пасяджэнні эстонскага парламента Рийгикогу быў разгледжаны праект закона, накіраваны на прадухіленне распальвання нянавісці і насілля з боку рэлігійных арганізацый.
Ініцыятыву прадставіў старшыня прававой камісіі Рийгикогу Андрэ Ханімягі (сацыял-дэмакратычная партыя), які адзначыў, што закон не ставіць сваёй мэтай абмежаванне свабоды сумлення або забарону рэлігійных абрадаў. У той жа час ён падкрэсліў неабходнасць абароны дзяржаўнай і сацыяльнай бяспекі з улікам магчымасці выкарыстання рэлігійных арганізацый супраць Эстоніі варожымі дзяржавамі або групамі.
«Праект закона ўсталёўвае патрабаванні да дзейнасці рэлігійных аб'яднанняў, накіраваныя на прадухіленне знешняга ўплыву і распаўсюджвання дэзінфармацыі», — растлумачыў Ханімягі. «Іншымі словамі, любыя сувязі з замежнымі ўстановамі або духоўнымі лідарамі, якія пагражаюць бяспецы Эстоніі, падтрымліваюць ваенныя дзеянні або парушаюць міжнароднае права, павінны быць разарваны».
У адказ на праект закона прадстаўнікі Эстонскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату (ЭПЦ МП) накіравалі ў парламент афіцыйную заяву, выказаўшы занепакоенасць, што ў выпадку яго прыняцця праваслаўныя прыходы гэтага патрыярхату могуць быць вымушаны спыніць сваю дзейнасць на тэрыторыі Эстоніі. Падобную занепакоенасць выказалі таксама манашкі Пюхціцкага манастыра ў калектыўным звароце з просьбай не прымаць праект закона.
Заўважым, што 29 кастрычніка 2024 года настаяцельніца Пюхціцкага манастыра Філарэта Калачова накіравала афіцыйны адказ міністру ўнутраных спраў Эстоніі Лаурыі Лянеметс з просьбай не выходзіць з-пад падпарадкавання Маскоўскаму патрыярхату.
Агляд падрыхтавалі прот. Георгій Рой