Калядныя набажэнствы грамад Літоўскага экзархату Сусветнага патрыярхату










 Сёлета вернікі Літоўскага Экзархату Ўсяленскага Канстантынопальскага Патрыярхату ўпершыню cвяткавалі Хрыстовае Раство 25 снежня па новаюльянскаму календары. Большасць памесных праваслаўных цэркваў святкуе падзею Хрыстовага Нараджэння менавіта ў гэты дзень. У мінулым годзе грамада Канстантынопальскага на гэтае свята мела набажэнствы толькі ў Вільні, Клайпедзе і Анікшчаі. Сёлета ж урачыстыя Літургіі адбыліся акрэм узгаданых гарадоў таксама ў Каўнасе, Шаўляі, Таўрагах і Электрэнаі. Павялічылася і колькасьць людзей — калі летась на адзіным набажэнствах у Вільні было каля дзьвюх соцен чалавек, то сёлета толькі беларускія калядныя набажэнствы наведалі больш за дзьвесьце чалавек (у Вільні было тры калядныя службы на беларускай мове ). У Вільні і ў астатняй Літве, акрамя беларускіх, адбываліся набажэнствы на літоўскай, украінскай і царкоўнаславянскай мовах, а ў набажэнствах з удзелам грэчаскай грамады да літоўскіх малітваў дадаваліся таксама малітвы, гімны і чытанні на грэцкай мове. Радуемся, што парафіі нашага Экзархату растуць, сталеюць і мацнеюць, хоць перажываюць розныя выпрабаванні. Нашыя грамады складаюцца з людзей розных нацый, рознага сацыяльнага статусу, рознага узроўню адукацыі, і аб’ядноўвае нас такіх розных людзей толькі адно — агульная праваслаўная вера ў Ісуса Хрыста нашага Збаўцу і Госпада.

Нагадваем, што калі вы хочаце, каб служба Канстанцінопальскага Патрыярхату адбывалася ў вашым горадзе, вы можаце арганізавацца ў суполку з аднадумцамі і напісаць ліст на электронную пошту нашага Экзархату: egzarchatas@ortodoksas.lt. Будзем шукаць шляхі задавальнення духоўных патрэбаў вернікаў у вашым горадзе. Ніжэй вы можаце ўбачыць фатаграфіі з набажэнстваў грамад Канстанцінопальскага Патрыярхату ў розных гарадах Літвы.











Падтрымка праекта

Вы можаце падтрымаць наш праект:

Contribee PayPal


VšĮ „Krikščionių ortodoksų iniciatyvų centras“
IBAN: LT487300010173170576
SWIFT: HABALT22