Дайджэст навін аб праваслаўі ў свеце (4 - 11 студзеня)

Архіепіскап Албанскi Анастасій. Фота: orthodoxtimes.com
Албанія

Пагоршыўся стан здароўя Архіепіскапа Албанскага Анастасія, які шпіталізаваны ў афінскую лякарню «Евангелізмос» у аддзяленне інтэнсіўнай тэрапіі. Дактары, якія яго лечаць, ацэньваюць стан архіепіскапа як крытычны. Прадстаяцель Албанскай царквы быў шпіталізаваны ў Тыране з-за віруснай інфекцыі, якая непакоіць яго з 30 снежня. 3 студзеня было палічана неабходным перавесці яго ў Афіны. У суботу 4-га студзеня архіепіскап Афінскі і ўсяе Элады Іеранім наведаў архіепіскапа Анастасія ў бальніцы і пажадаў яму найхутчэйшага выздараўлення. Прадстаяцелі Цэркваў правялі кароткую гутарку. У мінулую нядзелю архіепіскапа Анастасія наведаў таксама прэм'ер-міністр Кірыякас Міцотакіс. У цяперашні час архіепіскап Анастасій знаходзіцца ў аддзяленні інтэнсіўнай тэрапіі і дактары змагаюцца за яго жыццё. 

Канстантынопаль

У сераду 8 студзеня Сусветны Патрыярх Варфаламей наведаў рэзідэнцыю Армянскага Патрыярхата у раёне Кумкапы ў Канстантынопалі з мэтаю асабіста павіншаваць з Раством і Багаяўленьнем армянскага патрыярха Турцыі Саака Машаляна. Згодна са сваім календаром, Армянская царква святкуе Багаяўленне і Каляды 6 студзеня. Сусветны Патрыярх перадаў свае сардэчныя пажаданні і ўсёй армянскай грамадзе, пажадаўшы мірнага Новага года і ўмацавання ўсеагульнай салідарнасці і супрацоўніцтва.

Егіпет

6 студзеня падчас Патрыяршай Боскай літургіі ў свята Богаяўлення ў саборы Дабравешчання Прасвятой Багародзіцы ў Александрыі Патрыярх Александрыйскі і ўсяе Афрыкі Феадор II аб'явіў аб двух важных адміністрацыйных рашэннях, якія датычацца Патрыяршай епархіі Александрыі. Патрыярх аб'явіў аб завяршэнні паўнамоцтваў мітрапаліта Пелусійскага Нарцыса ў якасці Патрыяршага вікарыя Александрыі і аб'явіў аб прызначэнні на гэтую пасаду патрыяршага вікарыя Александрыі Архімандрыта Дамаскіна Алазрая, які раней быў настаяцелем Патрыяршага манастыра Святога Георгія ў Старым Каіры. Патрыярх Феадор падзякаваў за дбайнае служэнне мітрапаліту Нарцыса і прадставіў выключна паспяховыя намаганні архімандрыта Дамаскіна па аднаўленні манастыра Святога Георгія і яго наваколля. Гэтыя намаганні ператварылі манастыр у выбітнае месца паломніцтва і культурнага прызначэння для наведвальнікаў з усяго свету. Патрыярх палічыў, што менавіта гэтыя здольнасці на дадзеным этапе надзвычай патрэбныя у патрыяршай епархіі. 

Грузія

7 студзеня ў Тбілісі і па ўсёй Грузіі ўжо шмат гадоў праводзіцца традыцыйнае святочнае шэсце, вядомае як "Аліла". У гэтым годзе споўнілася 25 гадоў гэтай любімай грузінамі традыцыі. Падчас шэсця збіраюцца ахвяраванні на карысць дзіцячых дамоў, прытулкаў для састарэлых і папраўчых устаноў, каб радасць Калядаў была падзелена з тымі, хто мае ў ёй патрэбу. Аліла працягвае служыць яркім выразам грузінскай культуры, веры і спагады, аб'ядноўваючы сотні тысяч людзей у радасці святкавання Раства Хрыстовага. 

Балгарыя

Патрыярх Балгарскі Данііл сустрэўся з прэм'ер-міністрам Балгарыі спадаром Дзімітрам Галоўчавым. Падчас сустрэчы прэм'ер-міністр пацвердзіў, што негатыўная пазіцыя ўрада адносна рэгістрацыі "Балгарскай праваслаўнай старастыльнай царквы" застаецца нязменнай. Прэм'ер-міністр нагадаў, што Кабінет міністраў неаднаразова публічна выказваў гэтую пазіцыю. Патрыярх Данііл выказаў падзяку ўраду за падтрымку кананічнай Балгарскай царквы. Сустрэча патрыярха і прэм’ер-міністра адбылася ўслед за рэзкай рэакцыяй Сінода Балгарскай царквы і самога Патрыярха Данііла на рашэнне судовых уладаў краіны дазволіць іншым рэлігійным арганізацыям выкарыстоўваць назву «Праваслаўная Царква». 

Сербія

Прэзідэнт Сербіі Аляксандр Вучыч 7 студзеня сустрэў свята Раства Хрыстова ў манастыры Хіландар на гары Афоне. "У свеце, які заўсёды нёс цяжкі цяжар несправядлівасці, пакут, сумненняў, нянавісці і канфліктаў, шчырая і палымяная вера ў справядлівасць, мір і любоў застаецца нашай непахіснай апорай…", - напісаў Аляксандр Вучыч у сваіх сацыяльных сетках. Прэзідэнт Сербіі таксама падзяліўся відэа і фатаграфіямі, зробленымі падчас наведвання сербскага манастыра на гары Афон.

Канстантынопаль

Савет Архонтаў Сусветнага патрыярхата звярнуўся да кіраўніцтва Рускай праваслаўнай царквы спыніць падтрымку вайны Расіі супраць Украіны, а таксама спыніць любое некананічнае ўмяшанне на іншых тэрыторыях, якія знаходзяцца па-за межамі патрыяршай юрысдыкцыі Масквы. Архонты падкрэсліваюць, што такая дзейнасць Рускай царквы разбівае адзінства Праваслаўнай Царквы і парушае мір праваслаўных хрысціян ва ўсім свеце.

Эстонія

У Эстоніі парламент краіны разгледзіць законапраект, які прадпісвае Эстонскай праваслаўнай царкве разарваць сувязі з Рускай Праваслаўнай Царквой.

Нагадаем, раней МУС ацаніла прапанаваныя Эстонскай Праваслаўнай Царквой Маскоўскага патрыярхата меры па разрыве сувязяў з РПЦ і палічыла іх касметычнымі і што яны проста ўводзяць у зман грамадскасць. 

Ведамства настойвае, каб Эстонская царква Маскоўскага патрыярхата зноў перагледзець статут з мэтай поўнага выключэння уплыву РПЦ на яе кіраванне і дзейнасць. Дзяржава прапануе царкве прыбраць са статуту спасылку на томас 1993 года, паводле якога кіраўніцтва дзейнасцю Эстонскац царквы ажыццяўляецца пастановамі расійскага Сінода і загадамі патрыярха РПЦ.

МУС Эстоніі патрабуе змяніць статуты і ў стаўрапігіяльных устаноў, якія падпарадкоўваюцца на прамую і непасрэдна патрыярху Кірылу, як гэта мае месца быць у выпадку Пюхціцкага жаночага манастыра. У канцы студзеня ў эстонскі парламент будзе ўнесены законапраект, які прадпісвае ЭПЦ МП на працягу двух месяцаў змяніць свой статут. У адваротным выпадку размова пойдзе аб прымусовай ліквідацыі рэлігійнай арганізацыі па рашэнні суда.

Румынія

На мінулым тыдні Румынская праваслаўная царква аб'явіла, што Нацыянальны сабор у Бухарэсце будзе асвечаны ў нядзелю, 26 кастрычніка 2025 года, Сусветным Патрыярхам Варфаламеем і Патрыярхам Румынскай Праваслаўнай Царквы Даніілам. Гэтае мерапрыемства будзе прымеркаванае да 100-годдзя заснавання Румынскага Патрыярхата. У 2025 годзе спаўняецца таксама 140 гадоў з дня прызнання аўтакефаліі Румынскай Праваслаўнай Царквы.

Паўночная Македонія

Па рашэнні Сінода Праваслаўнай царквы Паўночнай Македоніі на пасаду сінадальнага перс-сакратара прызначаны Іракліёнскі епіскап Клімент. «Выступаць перад грамадскасцю, - гаворыць у сваім каментарыі епіскап Клімент — гэта вялікая адказнасць, і я перакананы, што празрыстасць і добрыя зносіны паміж Царквой і грамадствам надзвычай важныя”.

Новы час з яго тэхналагічнымі зменамі і мноствам інфармацыйных каналаў, на думку новага спікера, патрабуе ўдасканалення існуючых спосабаў камунікацыі, што вымагае празрыстасці і выкарыстання зразумелай мовы, каб выразна прадставіць пункт гледжання Царквы на актуальныя падзеі свайго уласнага і грамадскага жыцця. 

Кіпр

На мінулым тыдні архіепіскап Кіпрскі Георгій заявіў, што мае намер змагацца з заганнай практыкай кіравання царкоўнай маёмасцю, якая наносіць шкоду царкве. Архіепіскап Георгій паведаміў, што царква выпрацавала і ўвяла новыя правілы кіравання сельскагаспадарчымі зямельнымі ўчасткамі, якія належаць Царкве і кожны, хто захоча выкарыстоўваць царкоўную зямлю, павінен будзе плаціць. 

Архіепіскап расказаў таксама, што працягваецца распачатае яшчэ ў часы нябожчыка архіепіскапа Хрызастома II расследаванне па факце прысваення маёмасці архіепіскапіі. Па словах прадстаяцеля Кіпрскай царквы, позвы па гэтай справе былі пададзены супраць арандатараў, якія плацяць неадэкватна нізкую арэндную плату і адмаўляюцца разумна пераглядаць нявыгадную для царквы арэндную стаўку. 

Архіепіскап адзначыў, што Царква Кіпра ўносіць значны ўклад у абарону Кіпра. Нядаўна царква выдзеліла амаль паўтары мільёна еўра на рамонт інтэрнатаў Ваенна-марской кадэцкай школы. Сьв. Сінод таксама прыняў рашэнне штогод выдзяляць суму на абарону Кіпра.

Акрамя таго, царква штогод выдзяляе 1 мільён еўра на стыпендыі і іншыя сацыяльныя патрэбы. Архіепіскап удакладніў, што ўсе гэтыя сродкі паступаюць не з царкоўнай казны, даходаў якой не хапае нават на ўтрыманне храмаў, а з долей Царквы ў розных галінах бізнесу. Царква Кіпра зараз інвесціруе ў фотаэлектрычную энергетыку. Таксама высветлілася, што Кіпрская царква выкарыстоўвала дзяржаўную субсідыю на будаўніцтва студэнцкіх інтэрнатаў.

Прадстаяцель лічыць таксама, што заробкі некаторых супрацоўнікаў Архіепіскапіі занадта непрапарцыйныя. Многія атрымліваюць істотны дадатковы даход за кошт удзелу ў розных саветах дырэктароў арганізацый або таварыстваў, звязаных з царквою. «Даплаты ў 1000 еўра, - лічыць архіепіскап Георгій, - дастаткова, каб пакрыць удзел у кожнай радзе. Сума, зэканомленая на такіх надбаўках значная і можа быць скарыстана для павелічэння заробкаў супрацоўнікаў з мінімальнымі даходамі”.

На пытанне, ці непакоіць яго апазіцыя, архіепіскап Георгій адказаў, што яго непакоіць сумленне, якое не даруе, калі ён зрабіць выгляд, што нічога не адбываецца». 

Афон

22 украінскіх воіна здзейснілі паломніцтва на святую гару Афон. Гэтая ініцыятыва была арганізавана ў рамках праграмы псіхалагічнай падтрымкі ўкраінскіх салдат з боку Грэцкай дзяржавы і Грэцкай царквы.

За чатыры дні знаходжання на святой гары салдаты наведалі 12 манастыроў, прынялі ўдзел ва ўсіх статутных богаслужэннях манастыроў, гутарках з афонскімі старцамі, правялі час у асабістай малітве і цішыні. Украінскія воіны, прайшлі найцяжэйшыя баі на ўсходзе Украіны і перажываюць моцны посттраўматычны сіндром, некаторыя з іх маюць сур'ёзныя траўмы, знявечаныя канечнасці і шнары. Наведванне Святой гары Афон дало салдатам магчымасць аднавіць душэўны спакой і адчуць брацкую падтрымку афонскіх манахаў. 

Сірыя

Нягледзячы на ​​заявы ў СМІ новага ўрада Сірыі, ён па-ранейшаму адмаўляецца сустракацца з сірыйскімі праваслаўнымі хрысціянамі.

Патрыярх Антыахійскі Ян у адной са сваіх апошніх пропаведзяў выказаў занепакоенасць падзеямі, якія адбываюцца ў дачыненні да хрысціянскіх рэлігійных грамад у Сірыі. Патрыярх звярнуўся да новага кіраўніка Сірыйскай Арабскай Рэспублікі: і заявіў, што царква робіць усё магчымае для усталявання канструктыўнага дыялогу і стварэння механізмаў плённага супрацоўніцтва паміж хрысціянскай супольнасцю Блізкага Усходу з новай адміністрацыяй краіны і дадаў, што, нажаль, з боку новай улады ніякіх афіцыйных захадаў і дыялогу з праваслаўнымі пакуль не адбылося.

«З гэтай нагоды я нагадваю, - сказаў у сваім звароце Патрыярх, - што мы працягнулі руку для супрацоўніцтва ў будаўніцтве новай Сірыі, але мы ўсё яшчэ чакаем, пакуль Ахмад аль-Шарэх і яго адміністрацыя працягнуць руку ў адказ. Нягледзячы на ​​заявы ў СМІ аб маючай адбыцца Усесірыйскай канферэнцыі і іншых важных пытаннях, афіцыйных паведамленняў ад іх не паступала» - канстатаваў патрыярх Ян Х.

ЗША

Мітрапаліт Сан-Францыскі Герасім выступіў з заявай наконт разбуральных лясных пажараў, якія ахапілі Паўднёвую Каліфорнію. Ён выказаў глыбокую трывогу за пацярпелыя грамады, звярнуўшы ўвагу на разбурэнне дамоў, прадпрыемстваў і прыродных ландшафтаў. Мітрапаліт выступіў з заклікам аказаць падтрымку і сабраць ахвяраванні пацярпелым ад стыхіі, а таксама падкрэсліў неабходнасць малітвы.

Эстонія

12 студзеня мітрапаліт Эстонскай Апостальскай Праваслаўнай Царквы Стэфан разам з іншымі іерархамі здзейсніў хіратонію іераманаха Дамаскіна (Алкінуора) у епіскапа Хаапсульскага, вікарыя Талінскай дыяцэзіі. 

Акрамя мітрапаліта Талінскага і ўсяе Эстоніі Стэфана і іерархаў Эстонскай царквы ў хіратоніі прынялі ўдзел мітрапаліт Перыстэрыйскі Грыгорыас Папатомас, мітрапаліт Шведскі Клеопа, мітрапаліт Валоскі Ігнацій. На богаслужэнні прысутнічалі пасол Грэцыі ў Эстоніі спадар Георгіяс Пападопулас, архіепіскап Эстонскай евангеліцка-лютэранскай царквы Урмас Віілма і некалькі епіскапаў і святароў з замежных краін, а таксама значная частка эстонскага праваслаўнага духавенства.

Іераманах Дамаскінас (у свеце Яака Алкінуора) нарадзіўся ў 1985 годзе. Новарукапаложаны епіскап мае ступень магістра філасофіі і музыказнаўства, а таксама ступень доктара багаслоўя. У 2016 годзе ён быў пастрыжаны ў манаства ў манастыры Ксенафонт на Афоне. У 2018 годзе ў тым жа манастыры ён быў пасвечаны ў сан іерадыякана, і пазней у сан іераманаха. Айцец Дамаскінас валодае дзесяццю мовамі, а таксама чытае на шасці старажытных класічных мовах. З 2015 года з'яўляецца выкладчыкам сістэматычнага багаслоўя і патрыстыкі ва Універсітэце Усходняй Фінляндыі, а з 2023 года - дацэнтам кафедры патрыстыкі ў Хельсінкскім універсітэце.

Агляд падрыхтавалі прот. Георгій Рой

Падтрымка праекта

Вы можаце падтрымаць наш праект:

Contribee PayPal


VšĮ „Krikščionių ortodoksų iniciatyvų centras“
IBAN: LT487300010173170576
SWIFT: HABALT22