Дайджэст навін аб праваслаўі ў свеце (12-18 студзеня)

Сінод Аўстралійскай Архіепархіі. Фота: orthodoxtimes.com
Аўстралія

У пятніцу 17 студзеня 2025 года, пад старшынствам архіепіскапа Аўстралійскага Макарыя адбылося пасяджэнне Сінода Аўстралійскай Архіепархіі. Пасля ўступнай малітвы быў зацверджаны пратакол папярэдняга паседжання, і Сінод прыступіў да разгляду пытанняў парадку дня, прымаючы неабходныя і адпаведныя рашэнні. 

Аўстралійскія іерархі грунтоўна абмеркавалі і аднагалосна зацвердзілі "Спецыяльнае палажэнне аб складанні спісу кандыдатаў на епіскапат". Гэтая пастанова будзе прадстаўлена Сусветнаму патрыярхату для канчатковага зацвярджэння. Дыяцэзіяльны сінод у першы дзень сваёй працы разгледзеў судовыя справы ў дачыненні да клірыкаў архідыяцэзіі і падрыхтаваў свае рашэнні для зацверджэння з боку Святога Сінода Сусветнага Патрыярхата.

Падчас работы Сінода па прапанове архіепіскапа Макарыя было прынята рашэнне аб узнагароджанні мітрапаліт Ірландскага Якава, які прыбыў з візітам у Аўстралію, ордэнам Аустралійскай архіепархіі. Выказаўшы падзяку архіепіскапу і епіскапам за гэтую ўзнагароду, мітрапаліт Якаў прадставіў Сіноду інфармацыю аб намаганнях па стварэнні і арганізацыі новастворанай мітраполіі Ірландыі. 

Сірыя 

Па благаславенню Патрыярха Антыахійскага Яна X епіскап Раман (Аль-Ханат) прыняў удзел у сустрэчы з дэлегацыяй Каралеўства Іспанія, якую ўзначальвае міністр замежных спраў і супрацоўніцтва Хасэ Мануэль Альбарэс Буэна. У сустрэчы прынялі ўдзел прадстаўнікі розных пластоў сірыйскага народа. У ходзе дыскусіі асаблівая ўвага была нададзена важнасці пабудовы сучаснай сірыйскай дзяржавы, якая паважае спадзяванні ўсіх сваіх грамадзян. Выслухаўшы ўсіх удзельнікаў сустрэчы, міністр падкрэсліў, што Іспанія і Еўрапейскі звяз падтрымліваюць права сірыйскага народа на дэмакратычную дзяржаву і з нецярпеннем чакаюць вяртання Сірыі ў якасці глабальнага напрамку для турызму і бізнесу.

Польшча

14 і 15 студзеня Прэзідэнт Рэспублікі Польшча Анджэй Дуда разам з жонкай віталі ў Прэзідэнцкім палацы прадстаўнікоў цэркваў і рэлігійных грамад, а таксама нацыянальных і этнічных меншасцяў, якія пражываюць у Польшчы. Акрамя таго, яны сустрэліся з кіраўнікамі дыпламатычных місій, акрэдытаваных у Рэспубліцы Польшча. Прэзідэнт Дуда адзначыў, што на працягу стагоддзяў на землях Польшчы мірна суіснавалі разнастайныя рэлігійныя групы, пражываючы ў рамках вялікай Рэспублікі многіх народаў і канфесій. Ён падзякаваў прысутным за іх значны ўклад у развіццё Радзімы і выказаў сваю ўдзячнасць за іх служэнне чалавецтву. Падчас сустрэчы у Прэзідэнцкім палацы Польскую праваслаўную царкву прадстаўлялі: архіепіскап Вроцлаўскіі Георгій і протаіерэй Андрэй Ляўчак.

Эстонія

У нядзелю, 12 студзеня у Эстонскай Праваслаўнай Царкве, у горадзе Пярну, у мітрапалічым храме Праабражэння Гасподняга, адбылося пасвячэнне епіскапа Хаапсальскага Дамаскіна, фіна па паходжанні, які належыць да братэрства манастыра Ксенафонт на гары Афон.

Пасвячэнне новага епіскапа здзейсніў мітрапаліт Талінскі і ўсяе Эстоніі Стэфан, на ім прысутнічалі прадстаўнік Сусветнага патрыярха мітрапаліт Смірнскі Варфаламей, іерархі Сусветнага патрыярхата, Мітрапаліт Клеопа са Швецыі, Мітрапаліт Максім са Швейцарыі, а таксама іерархі Грэцкай царквы Мітрапаліт Макрытрый з Сідэракастрана, Мітрапаліт Іоіль з Эдэсы, і Мітрапаліт Рыгор з Перыстыры.

У Літургіі прынялі ўдзел настаяцелі Святых манастыроў гары Афон: архімандрыт Аляксей з манастыра Ксенафонт і архімандрыт Гаўрыіл з манастыра Пантакратар.

Балгарыя

Патрыярх Балгарскі Данііл прыняў удзел у паседжанні балгарскага парламента, на парадку дня якога было пытанне выбару прэм'ер-міністра Рэспублікі Балгарыя, зацвярджэння структуры ўрада і прызначэння Рады міністраў. Нацыянальны сход Балгарыі прагаласаваў за кандыдатуру прэм'ер-міністра Розена Жалязкова, а таксама за прапанаваную ім структуру і склад ураду. Новы кабінет уключае 19 міністраў. Разам з кіраўніком Балгарскай праваслаўнай царквы на паседжанні прысутнічалі прэзідэнт Балгарыі Румэн Радзеў, прадстаўнікі іншых традыцыйных рэлігійных канфесій краіны, а таксама прадстаўнікі розных устаноў і дыпламатычнага корпуса.

Сербія

На мінулым тыдні Патрыярх Сербскі Парфірый прыняў амбасадара ЗША ў Рэспубліцы Сербія Крыстафера Хіла з развітальным візітам. Падчас сяброўскай гутаркі пасол Хіл выказаў падзяку за гасціннасць, аказаную яму падчас дыпламатычнай місіі ў Сербіі. І патрыярх і амбасадар падкрэслілі неабходнасць далейшага ўмацавання адносін паміж дзвюма краінамі і іх народамі. Патрыярх пажадаў амбасадару моцнага здароўя і поспехаў у яго будучых пачынаннях.

Албанія

Дактары афінскай бальніцы Evangelismos пачалі працэс вывядзення з медыцынскай комы архіепіскапа Албанскага Анастасія. Гэтая працэдура вельмі складаная і можа заняць некалькі дзён. Архіепіскап застаецца ў крытычным стане і знаходзіцца пад пільным наглядам медыцынскай каманды. У мінулую пятніцу 95-гадоваму іерарху была праведзена тэрміновая аперацыя па спыненні моцнага унутранага крывацёку. Архіепіскап Анастасій быў тэрмінова пераведзены ў Афіны з Тыраны пасля імклівага пагаршэння стану ягонага здароўя. Ён знаходзіўся ў бальніцы Тыраны з 30 снежня з-за віруснай інфекцыі. Наступствам інфекцыйнага захворвання сталі ўскладненні, у тым ліку страўнікава-кішэчны крывацёк, што запатрабавала пераводу хворага ў клініку "Евангелісмас" для аказання кваліфікаванай дапамогі. Здароўе архіепіскапа Анастасія па-ранейшаму выклікае сур'ёзную заклапочанасць, і медыцынская каманда нястомна працуе над яго стабілізацыяй.

Бельгія

14 студзеня ў Бруселі ў «Праваслаўным цэнтры Амбіёрыкс» адбылася працоўная сустрэча Камітэта прадстаўнікоў праваслаўных цэркваў пры Еўрапейскім саюзе (CROCEU) пад старшынствам мітрапаліта Бельгійскага Афінагора. На сустрэчы прысутнічалі прадстаўнікі Канстантынопальскай, Эладскай, Румынскай і Балгарскай царкваў. Пад час сустрэчы ўдзельнікі абмяняліся навагоднімі віншаваннямі і разгледзелі пытанні парадку дня. Мітрапаліт Афінагор выказаў задавальненне духам братэрства і супрацоўніцтва, характэрным для супольнай працы прадстаўнікоў дэлегацый-удзельніц камітэту. Сярод асноўных пытанняў, якія абмяркоўваліся, былі планаванне сустрэч і перагавораў з сябрамі новай еўрапейскай адміністрацыі як у Еўрапейскім парламенце, так і ў Еўрапейскай камісіі.

Ліван

Агульная прыхільнасць да ўмацавання адзінства і стабільнасці ў Ліване была пацверджана падчас сустрэчы паміж новым прэзідэнтам Лівана Іосіфам Аўнам і Патрыярхам Антыяхійскім Янам. Патрыярх наведаў прэзідэнта Аўна ў Бейруце, каб перадаць яму свае віншаванні. У час сустрэчы Патрыярх пажадаў прэзідэнту поспехаў на пасадзе, выказаўшы надзею, што ён будзе служыць дзеля адзінства і дабрабыту для ліванскага народа. Патрыярх паждаў новаабранаму прэзідэнту сілы і настойлівасці, неабходных для пераадолення крызісных часоў. У знак павагі і шанавання Патрыярх Ян падарыў прэзідэнту Ауну ікону Дзевы Марыі, пажадаўшы яму божай дапамогі ў выкананні абавязкаў кіраўніка краіны. 

Балгарыя

14 студзеня 2025 года на чарговым пасяджэнні Свяшчэнны Сінод Балгарскай Праваслаўнай Царквы разгледзеў ліст мітрапаліта Врацкага Рыгора, які выконвае абавязкі месцаахоўніка вакантнай Відзінскай епархіі. Згодна з артыкулам 85-м Статута Балгарскай царквы - Патрыярхіі Балгарыі і Сінод зацвердзіў наступны спіс епіскапаў-кандыдатаў з 8 чалавек. Згодна са Статутам часова выконваючы абавязкі вакантнай Відзінскай епархіі мітрапаліт Урацкі Рыгор разашле цыркулярны ліст са спісам епіскапаў усім дыяцэзіяльным выбаршчыкам. Два кандыдаты будуць абраныя на пасаду новага мітрапаліта Відзінскага 2 лютага 2025 года ў Відзіне. Кананічныя выбары новага мітрапаліта Відзінскага адбудуцца 9 лютага 2025 года ў штаб-кватэры Свяшчэннага Сінода ў Сафіі.

Гана

У аўторак, 14 студзеня 2025 года, мітрапаліт Аккры Данііл (Александрыйскі патрыярхат) наведаў штаб-кватэру Копцкай праваслаўнай царквы ў Гане, каб павіншаваць копцкую грамаду з мінулымі Калядамі і надыходзячым, паводле юліянскага календара, святам Богаяўлення. Протаіерэй Афанасій Ава Марк разам з духавенствам і манахамі цёпла сустрэў дэлегацыю праваслаўнай царквы і правялі гасцей па царкве Святога Марка, клініцы і парафіяльным памяшканням. Мітрапаліт Данііл перадаў копцкай грамадзе прывітанне Папы і Патрыярха Александрыйскай Праваслаўнай Царквы Феадора II, падкрэсліўшы даўнія брацкія адносіны дзвюх старажытных хрысціянскіх цэркваў, а таксама сяброўства, якое звязвае двух прадстаяцеляў.

Аўстралія

У паслясвяточны перыяд Богаяўлення, у мінулую нядзелю, 12 студзеня адбылася штогадовая цырымонія асвячэння вады і апускання Святога Крыжа ў прыбярэжным месцы парку Карс Буш у Сіднэі. Архіепіскап Макарый Аўстралійскі асвяціў воды Ціхага акіяна і кінуў Святы Крыж у мора, за якім нырнулі больш за 120 маладых вернікаў, каб дастаць святыню. Крыж дастаў малады Дыянісій Петры, які атрымаў дабраслаўленне архіепіскапа. На цырымоніі прысутнічалі тысячы вернікаў з усіх парафій і грамад архіепіскапіі Аўстраліі ў Сіднэі. Пасля цырымоніі ўсе прынялі ўдзел у фестывалі Багаяўлення, мерапрыемстве – заснаваным архіепіскапам Аўстраліі, якое ўключала насычаную культурную праграму, засяроджаную на грэчаскіх традыцыях і прыгатаванні традыцыйнай ежы.

Агляд падрыхтавалі прот. Георгій Рой

Падтрымка праекта

Вы можаце падтрымаць наш праект:

Contribee PayPal


VšĮ „Krikščionių ortodoksų iniciatyvų centras“
IBAN: LT487300010173170576
SWIFT: HABALT22