Пасланне Патрыярха з нагоды Свята Раства Хрыстовага (2025)

 + В А Р Ф А Л А М Е Й

Міласцю Божай Архіепіскап Канстанцінопаля — Новага Рыма і Усяленскі Патрыярх
усёй паўнаце Царквы
Ласка, міласць і мір ад Збавіцеля Хрыста, Які нарадзіўся ў Віфлееме!
Вялебныя браты архіпастыры,
Умілаваныя ў Госпадзе дзеці,
Зноў спадобіўшыся дасягнуць вялікага свята Нараджэння па плоці Сына і Слова Божага, мы славім «невымоўнае і неспасціжнае сыходжанне» Збавіцеля чалавечага роду і Адкупіцеля ўсяго стварэння ад тленнасці і абвяшчаем разам з анёламі: «Слава ў вышніх Богу, і на зямлі мір, у людзях добрая воля!».
Хрыстос адкрыўся як «Эмануіл», як «Бог з намі» і «для нас», як Бог побач з кожным з нас і «бліжэй да нас, чым мы самі да сябе». Прадвечнае Слова Божае, «адзінасутнае Айцу», як гэта было вызначана ў дагмаце Першага Усяленскага Сабора, 1700-годдзе якога хрысціянскі свет належным чынам адзначаў на працягу гэтага года, «становіцца падобным да Свайго стварэння», увасобіўшыся ад Духа Святога і Марыі Дзевы, «каб абагавіць людзей».
Трапар Раства абвяшчае, што Нараджэнне Хрыстова «азарыла свет святлом розуму» і адкрыла «надпрыродны і сусветны сэнс» жыцця і гісторыі, а менавіта тую ісціну, што толькі хрысціянская вера можа цалкам задаволіць глыбінныя пошукі розуму і прагу сэрца, бо «няма ні ў кім іншым выратавання», акрамя як у Хрысце. З гэтага часу «веды», якія «уздымаюць пыху», судзяцца словамі Госпада: «Пазнайце ісціну, і ісціна вызваліць вас».
Звышразумная падзея Уцялеснення Бога перажываецца і паўтараецца духоўна ў жыцці вернікаў, якія любяць богаз’яўленне Збаўцы-Хрыста. Як піша прападобны Максім Вызнаўца: «Слова Божае аднойчы нарадзілася па плоці, але жадае заўсёды нараджацца па духу праз любоў да тых, хто гэтага жадае». У гэтым сэнсе свята Нараджэння, Божага уцялеснення і абагаўлення чалавека па ласцы, не адсылае нас да падзеі мінулага, але накіроўвае да «Горада будучага», да Нябеснага Валадарства Айца, Сына і Святога Духа.
У свеце, дзе грыміць рэха вайны і грукат зброі, гучыць анёльскае «спакой у свеце», і голас Госпада дабраслаўляе «міратворцаў», і Яго Святая Царква моліцца падчас Боскай літургіі «аб міры звыш» і «аб міры ўсяго свету». Сапраўдная вера ў жывога Бога ўмацоўвае нашу барацьбу за мір і справядлівасць, нават калі мы сутыкаемся з непераадольнымі з чалавечага пункту гледжання перашкодамі. Як натхнёна сказана ў Пасланні Святога і Вялікага Сабора Праваслаўнай Царквы — дзесяцігоддзе якога мы будзем святкаваць у наступным годзе: «алей рэлігійнага досведу павінен выкарыстоўвацца для загойвання ран, а не для распальвання агню ваенных канфліктаў».
Евангелле міру асабліва тычыцца нас, хрысціян. Мы лічым недапушчальным заставацца абыякавымі перад абліччам раздробненасці хрысціянскага свету, асабліва калі гэтая пазіцыя суправаджаецца фундаменталізмам і відавочным непрыманнем міжныхрысціянскага дыялогу, які ў канчатковым выніку накіраваны на пераадоленне падзелу і дасягненне адзінства. Абавязак імкнення да хрысціянскага адзінства не падлягае абмеркаванню! Адказнасць за працяг намаганняў пачынальнікаў экуменічнага руху разам з падцверджаннем іх бачання і працы кладзецца на маладзейшае пакаленне хрысціян.
Мы належым Хрысту, Які ёсць «мір наш» і «паўната радасці» ў нашым жыцці, тая «добрая воля», што вынікае з пераканання, што «ісціна прыйшла» і «цень прайшоў», што любоў мацнейшая за нянавісць, а жыццё мацнейшае за смерць, што зло не мае апошняга слова ў жыцці свету, якім кіруе Хрыстос, Які «той самы ўчора, сёння і навекі». Гэтая вера павінна ззяць і выяўляцца ў тым, як мы ўшаноўваем Раство і іншыя царкоўныя святы. Радаснае святкаванне вернікаў павінна сведчыць аб перамяняльнай сіле нашай веры ў Хрыста. Гэта павінен быць час добрай волі і духоўнай асалоды, досвед той невымоўнай «вялікай радасці», якая з'яўляецца «сінонімам Евангелля».
Усячэсныя браты і ўмілаваныя дзеці,
У 2026 годзе Святая Вялікая Царква Хрыстова будзе адзначаць 1400 гадоў з таго дня, як 7 жніўня 626 года падчас святога чування ва Улахернскім храме «стоячы» спяваўся Акафіст у знак удзячнасці Найсвяцейшай Багародзіцы за выратаванне Канстантынопаля ад нападу варожых сіл. З нагоды гэтай гістарычнай падзеі Штогоднік Усяленскага Патрыярхату на 2026 год будзе прысвечаны памяці гэтай важнай падзеі для нашай традыцыі і самасвядомасці, якія неад’емна і глыбока звязаны з пашанай да нашай вечнадабраславёнай і Прачыстай Маці Божай, заступніцы і ахоўніцы нашага (хрысціянскага) народа.
У гэтым духу, схіляючыся перад Марыяй, якая трымае на руках Дзіцятка Іісуса, і пакланяючыся Божаму Слову, Якое прыняло наша аблічча, мы жадаем усім вам дабраславёных Святак, а таксама плённага на добрыя справы і напоўненага Божымі дарамі новага года ласкі Госпада, Якому належыць усякая слава, пашана і пакланенне, цяпер і заўсёды, і на векі векоў. Амінь.
Раства Хрыстова 2025
+ Варфаламей Канстанцінопальскі
Гарачы малітоўнік за ўсіх вас перад Богам

Падтрымка праекта

Вы можаце падтрымаць наш праект:

Contribee PayPal


VšĮ „Krikščionių ortodoksų iniciatyvų centras“
IBAN: LT487300010173170576
SWIFT: HABALT22