Велікоднае пасланне Экзарха (2025)

 І калі сыходзілі яны з гары, Ён загадаў ім нікому не расказваць пра тое, што бачылі, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсне з мёртвых (Мк 9:9).

Дарагія браты і сёстры, святары і дыяканы нашага Экзархата, увесь веруючы народ блаславёнай Літвы!

Настаў час, калі мы больш не можам маўчаць пра славу, якую на гары Гасподняга Перамянення ўбачылі вучні Збаўцы. Мы больш не можам пра гэта маўчаць, паколькі Хрыстос ужо ўваскрос з мёртвых, і мы прапаведуем гэтую навіну ўрачыстым воклічам:

«Хрыстос уваскрос»!

Больш не трэба маўчаць, бо цяпер уступае ў сілу новы заклік: не шукаць як звычайнага чалавека Таго, Хто жыве ў вечным святле, Таго, Хто ўваскрос з мёртвых. Нам сказана ісці хутчэй і абвясціць свету, што Ісус разбурыў смерць - сваёй смерцю, і ўваскрос, бо Ён ёсць Сын Божы, Збаўца роду чалавечага.

Магіла пустая! Уваскрасенне стала нашай рэальнасцю, таму што мы маем адзіны ўдзел з уваскрослым Хрыстом. Мы святкуем канец смерці, разбурэнне пекла і пачатак вечнага жыцця. У сваім разважанні пра Вялікдзень свяціцель Ян Златавуст у форме пытанняў і адказаў абвяшчае: Смерць, дзе тваё джала?! Пекла, дзе твая перамога?! Уваскрос Хрыстос, і ты зрынуты! Уваскрос Хрыстос, і жыццё квітнее!

Святы евангеліст Іаан Багаслоў з першага верша ў сваім евангеллі звяртаецца да нас, кажучы: «Напачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Слова было Бог» (Ін 1:1). Слова, праз Якое ўзнікла ўсё і без Якога нішто не ўзнікла, прыняло цела, падобнае да нашага. Ён добраахвотна адчуваў голад і смагу. Ён добраахвотна прайшоў праз страх і зведаў смерць. Навошта так складана? Ды таму, што мы маем патрэбу ў Богу, Які праходзіць з намі праз нараджэнне, жыццё і смерць - да ўваскрасення.

Далей евангеліст працягвае: «У Ім было жыццё, і жыццё было святлом людзей. І святло ў цемры свеціць, і цемра не агарнула яго» (Ін 1:4-5). Цемра сапраўды не агарнула Яго. Будучы Святлом свету, Ён яе знясіліў, разбурыў і вынішчыў. Затым абвясціў свету Сваю вышнюю ісціну.

Святы Багаслоў папярэджвае: «Мы ведаем, што мы ад Бога і што ўвесь свет ляжыць у зле» (1 Ін 5:19). У іншым месцы ён кажа: «Дзеці Божыя і дзеці д’ябла пазнаюцца так: кожны, хто не робіць згодна з ісцінай, не ад Бога, роўна як і той, хто не любіць брата свайго» (1 Ін 3:10). Цяжка заставацца абыякавым да таго, што адбываецца ў свеце. Усе нашыя думкі і малітвы сёння ў першую чаргу з тымі, хто жыве ва Украіне, з вязнямі сумлення ў Беларусі і з усімі народамі, якія пакутуюць ад прыніжэння, здзекаў і забойстваў.

Падтрымліваючы нас на хрысціянскім шляху, евангеліст Ян перадае нам словы Збаўцы: «Гэта сказаў Я вам, каб вы мелі ў Мне спакой У свеце будзеце мець смутак; але мужайцеся: Я перамог свет» (Ін 16:33). Варта разумець - тое, што сыходзіць ад нас, абмежавана толькі нашымі асабістымі інтарэсамі і каштоўнасцямі. Але за рысай чалавечай абмежаванасці пачынаецца ўваскрасенне Хрыстова. Далей дзейнічаем не мы, а Ён, - Богачалавек, Ісус Хрыстос. У Яго распятым і ўваскрэслым целе жыве таямніца з’яднання Яго Боскай і чалавечай прыроды. Разважаючы пра Яго смерць і ўваскрасенне, прыходзім да высновы, што вяртанне да жыцця пасля смерці магчыма толькі праз любоў да бліжніх. Уваскрасенне Хрыстова, як і наша ўваскрасенне з Ім, немагчыма без любові да сваіх блізкіх, таму што ўваскрасенне Ісуса – гэта праява бясконцай, усеабдымнай любові Бога да чалавека. Толькі ў Іісусе, у Яго працятым сэрцы спасцігаецца глыбіня любові Бога Айца. Толькі праз асэнсаванне гэтай таямніцы Божай любові вынікае і наша любоў да тых, хто нас атачае. Сапраўдная любоў да блізкіх дасягаецца праз адчуванне і асэнсаванне Яго любові. Яго спадчына - ў абвяшчэнні любові: «Гэта запаведзь Мая, каб вы любілі адзін аднаго, як Я палюбіў вас» (Ін 15:12). Любоў і ёсць тое жыццё, што паўстае з магілы і перамагае смерць.

Дарагія браты і сёстры ў Госпадзе, уваскрасенне – гэта не толькі суцяшальная надзея на будучы век, але і наша пакліканне ў цяперашні час.

Бо сапраўды ўваскрос Хрыстос!


Падтрымка праекта

Вы можаце падтрымаць наш праект:

Contribee PayPal


VšĮ „Krikščionių ortodoksų iniciatyvų centras“
IBAN: LT487300010173170576
SWIFT: HABALT22

Popular Posts