Дайджэст навін аб праваслаўі ў свеце (15-21 снежня)
Грэцыя.Дэлегацыя Копцкай царквы нанесла візіт архіепіскапу Афінскаму і ўсяе Грэцыі Іераніму. Фота: orthodoxtimes.com
На мінулым тыдні дэлегацыя Копцкай царквы на чале з епіскапам Апалонам Паўднёва-Сінайскім нанесла візіт архіепіскапу Афінскаму і ўсяе Грэцыі Іераніму. Дэлегацыя з шасці чалавек наведала Грэцыю з блаславення Папы Александрыйскага Тавадроса II. У час сустрэчы былі пацверджаны моцныя і трывалыя адносіны паміж Грэцкай праваслаўнай і Копцкай царквамі. Архіепіскап Іеранім выказаў падзяку за падтрымку з боку Копцкай царквы па розных пытаннях, у прыватнасці, у дачыненні да Сінайскага манастыра. Падчас дыскусіі былі адзначаны агульная гісторыя і супрацоўніцтва паміж дзвюма цэрквамі, а таксама падкрэслена важнасць адзінства перад агульнымі выклікамі.
Архіепіскап Афінскі і ўсяе Элады Іеранім сустрэўся на мінулым тыдні з сябрамі Арганізацыйнага камітэта Міжнароднай канферэнцыі па праваслаўным багаслоўі пад назвай «Праваслаўнае багаслоўе ў XXI стагоддзі: выклікі і перспектывы». Сустрэча была прысвечана асэнсаванню вынікаў канферэнцыі, а таксама важнейшай ролі праваслаўнага багаслоўя ў сучасным грамадстве. На канферэнцыі былі разгледжаны становішча і місія Праваслаўнай царквы і яе багаслоўя ў зменлівых гістарычных, геапалітычных, сацыяльных і культурных умовах 21-га стагоддзя.
Архіепіскап Іеранім высока ацаніў намаганні аргкамітэта і падкрэсліў важнасць такіх ініцыятыў ва ўмацаванні сведчання царквы ў сённяшнім складаным і зменлівым свеце.
Сірыя.
На мінулым тыдні у цэнтральным офісе Антыахійскага праваслаўнага Патрыярхату адбылася важная сустрэча, на якой сабраліся Патрыярх Антыяхійскі і ўсяго Усходу Ян X, Патрыярх Сірыйскай монафізіцкай Царквы Яфрэм II, Патрыярх нестарыянскай Антыахійскай царквы Іасіф I, кардынал мансеньёр Марыё Зенары апостальскі нунцый у Сірыі і шматлікія хрысціянскія лідэры, епіскапы, прадстаўнікі манаства з Дамаска і яго наваколля. Мэтай сустрэчы быў разгляд бягучых праблем Сірыі і вывучэнне шляхоў забеспячэння бяспекі сірыйскага народу і хрысціянскіх меншасцяў. Дыскусіі былі засяроджаны на крытычнай неабходнасці нацыянальнага адзінства, узаемнай падтрымцы і калектыўнага хрысціянскага сведчання ў грамадстве і на сусветнай арэне. Удзельнікі падкрэслілі важнасць супрацоўніцтва і сфарміравалі сумесны камітэт для вырашэння патрэб і садзейнічання скаардынаваным намаганням.
На сустрэчы рэлігійных лідараў таксама прысутнічаў Спецыяльны пасланнік ААН па Сірыі сп. Гейр Пэдэрсан. Патрыярх Ян X цёпла прывітаў яго і заявіў, што "Хрысціяне не госці на сваёй радзіме, а неад'емная частка сацыяльнай структуры Сірыі".
Патрыярх падкрэсліў неабходнасць дэмакратычнай і інклюзіўнай канстытуцыі, якая гарантуе роўны ўдзел усіх грамадзян, паважае рэлігійныя свабоды і падтрымлівае грамадзянскія свабоды, захоўваючы пры гэтым свецкі характар дзяржавы. Такая канстытуцыя, адзначыў ён, павінна адлюстроўваць надзеі сірыйскага народа на справядлівую і мірную будучыню. Спадар Пэдэрсан прызнаў выклікі, якія стаяць перад краінай і хрысціянскімі цэрквамі, і падкрэсліў асаблівую важнасць адзінства і супрацоўніцтва. "Сённяшняя сустрэча пасылае магутны сігнал у правільным напрамку", - сказаў ён.
Генеральны сакратар Блізкаўсходняй Рады Цэркваў прафесар д-р. Мішэль Абс ад імя арганізацыі перадаў сардэчныя віншаванні патрыярху Антыахійскаму Яну X з нагоды гадавіны яго абрання на Патрыяршы Пасад старажытнай апостальскай Антыяхійскай Царквы. Блізкаўсходняя рада цэркваў пажадала Патрыярху Яну X доўгіх гадоў жыцця ў сіле Духа Святога, здароўя і святасці ў яго пастырскай місіі, каб ён заставаўся верным кіраўніком Святой Царквы і ўзорам у любові да Хрыста.
Балгарыя.
Святы Сінод Балгарыі на сваім апошнім пасяджэнні аднагалосна выказаў адмоўнае меркаванне адносна перайменавання плошчы Святога Аляксандра Неўскага перад Патрыяршым саборам у Сафіі.
Святы Сінод адзначыў: «Плошча перад саборам з'яўляецца неад'емнай часткай гісторыі нашай радзімы і непарыўна звязана з усімі падзеямі, звязанымі з Балгарскай Праваслаўнай Царквой -за апошнія сто гадоў, што робіць яе не проста муніцыпальным пляцам, а нязменным гістарычным аб'ектам, наўпрост звязаным з Патрыяршым саборам Святога Аляксандра Неўскага. З гэтай прычыны Свяшчэнны Сінод Балгарскай Праваслаўнай Царквы аднагалосна выступае супраць перайменавання гістарычнай плошчы.
Патрыярх Балгарскі Данііл павіншаваў з Калядамі супрацоўнікаў Прадстаўніцтва Еўрапейскай камісіі ў Балгарыі. Ён пажадаў ім радасці Нараджэння Хрыстовага і выказаў надзею, што Божая любоў будзе пераважаць у грамадстве, асабліва ў той час, калі хрысціянскі свет набліжаецца да аднаго са сваіх самых светлых свят.
Падчас свайго візіту Патрыярх Данііл сустрэўся са спадарыняй Іарданкай Чобанавай, кіраўніцай Прадстаўніцтва Еўрапейскай камісіі ў Балгарыі, і яе камандай. Абмеркаванне было засяроджана на планах супрацоўніцтва паміж Балгарскай Праваслаўнай Царквой і Прадстаўніцтвам Еўрапейскай камісіі ў Балгарыі.
«Каштоўнасці любові і ўзаемаразумення павінны ззяць больш прыкметна ў нашым грамадстве. Балгарыі ёсць што паказаць. Мы можам ганарыцца цудоўнымі манастырамі і павінны ганарыцца як грамадзяне Еўропы, якія ўнеслі свой уклад у духоўную і культурную спадчыну кантынента», — заявіла спадарыня Чабанава.
Патрыярх Данііл падкрэсліў важнасць ініцыятыў, якія служаць балгарскаму народу, асабліва ў той час, калі грамадскія каштоўнасці сутыкаюцца з выклікамі.
Фінляндыя
Праваслаўная царква Фінляндыі ў мінулую нядзелю адзначыла знамянальную дату - ітранізацыю архіепіскапа Хельсінкскага і ўсяе Фінляндыі Іліі. У сацыяльных сетках царква асэнсавала гэты гістарычны момант наступным чынам: "Наша царква ўступіла ў эпоху архіепіскапа Іліі". Новаабраны архіепіскап змяніў на гэтай пасадзе мітрапаліта Ільва, які падаў Усяленскаму Патрыярху прашэнне пра адстаўку.
Сербія.
16 снежня 2024 года Сербскі Патрыярх Парфірый прыняў у Патрыяршым палацы ў Бялградзе архіепіскапа Вінчэнца Палья, прэзідэнта Папскай акадэміі абароны жыцця. Падчас сустрэчы абодва іерархі выказалі глыбокую заклапочанасць глыбокімі крызісамі і канфліктамі, якія адбываюцца ў розных частках свету. Яны абмеркавалі, магчымасці Праваслаўная і Рымска-каталіцкая цэрквы, а таксама асобных хрысціян у пераадоленні напружанасці і ўмацавання міру. У гутарцы таксама была адзначана важнасць прызначэння бялградскага каталіцкага архіепіскапа Ладзіслава Нямета кардыналам. Патрыярх Парфірый зноў выказаў падзяку Ватыкану за яго прынцыповую і заснаваную на нормах міжнароднага права пазіцыю ў дачыненні да Косава і Метохіі як неад'емнай часткі Рэспублікі Сербія.
Балгарыя.
15 снежня 2024 года ў Патрыяршым саборы Святога Аляксандра Неўскага ў Сафіі адбылася епіскапская хіратонія архімандрыта Кліміса, клірыка Балгарскай праваслаўнай епархіі ў ЗША, Канадзе і Аўстраліі. Свяшчэнны Сінод Балгарскай праваслаўнай царквы 10 снежня па рэкамендацыі мітрапаліта Амерыканскага Іосіфа пастанавіў узвесці архімандрыта Кліміса ў епіскапскі сан з тытулам епіскапа Леўскага.
Цырымонію ўзначаліў Патрыярх Балгарскі Данііл у суправаджэнні мноства епіскапаў, духавенства і парафіян.
Пасля пасвячэння патрыярх Данііл уручыў епіскапу Клімісу сімвалы яго сану - саккас, амафор, панагію і мітру. У сваім звароце Патрыярх Данііл выказаў глыбокую павагу новаму епіскапу, падкрэсліўшы яго манаскую адданасць і служэнне ў манастыры Зограф на Афоне, а таксама яго пастырскі ўклад у балгарскую праваслаўную супольнасць за мяжой.
Грузія.
Патрыярх Грузіі Ілія Другі выступіў на мінулым тыдні з заявай, у якой падкрэсліў, што імклівае абвастрэнне сітуацыі ў Грузіі ўяўляе рэальную пагрозу важнейшым дасягненням краіны - суверэнітэту і дзяржаўнасці. Ён заклікае да дыялогу, каб пазбегнуць расколу краіны. Прадстаяцель Грузінскай царквы лічыць, што «Грузія з'яўляецца неад'емнай часткай еўрапейскай цывілізацыі» і абавязак кожнага грузіна «імкнецца да ўмацавання і развіцця нацыянальнай дзяржавы еўрапейскага тыпу, заснаванай на нашай шматвяковай хрысціянскай духоўнай і культурнай спадчыне, на традыцыйных каштоўнасцях»".
Украіна-Рым.
На мінулым тыдні ў Ватыкане Мітрапаліт Кіеўскі і ўсяе Украіны Эпіфаній сустрэўся з Папам Рымскім Францыскам. Сустрэча прайшла ў бібліятэцы Апостальскага палаца. Падчас размовы Прадстаяцель Праваслаўнай Царквы Украіны павіншаваў пантыфіка з 55-годдзем святарскага пасвячэння, якое адбылося 13 снежня 1969 года, і надыходзячым днём нараджэння, а таксама цёпла падзякаваў кіраўніку Рымска-Каталіцкай царквы за гуманітарныя ініцыятывы Святога Прастола, накіраваныя на дапамогу народу Украіны, украінскім уцекачам і вымушаным перасяленцам. Мітрапаліт Эпіфаній выказаў падзяку за асабістае садзейнічанне Папы Францішка ў пытаннях вызвалення ўкраінскіх ваеннапалонных і вяртання ва Украіну дэпартаваных расійскімі ўладамі дзяцей.
Папа Рымскі Францішак чарговы раз выказаў салідарнасць з народам Украіны, які пакутуе ад вайны і імкнецца дасягнуць міру. Таксама ён павіншаваў Прадстаяцеля Праваслаўнай Царквы Украіны з нагоды візіту і пажадаў поспехаў у яго служэнні. Мітрапаліт Эпіфаній распавёў Святому Айцу Папу Францішку аб маючых адбыцца набажэнствах, якія ён здзейсніць у Рыме і ў Бары.