Дайджэст навін праваслаўнага свету
Усяленскі патрыярх Варфаламей не ставіць пад сумнеў рашэнні Усяленскага патрыярхату адносна надання Томосу аб аўтакефаліі Праваслаўнай Царкве Украіны.
З нагоды ўрачыстасці Індыкціона – пачатку Новага царкоўнага года, патрыярх Варфаламей ўзначаліў Святую Літургію ў саслужэнні Мітрапаліта Кіеўскага і ўсяе Украіны Епіфанія. У сваёй прамове Усяленскі Патрыярх спаслаўся на ініцыятывы і намаганні Усяленскага Патрыярхату па ўмацаванні адзінства і супрацоўніцтва Праваслаўных Аўтакефальных Цэркваў, плёнам якіх стала скліканне Святога і Вялікага Сабору Праваслаўнай Царквы на Крыце ў 2016 г. .
“На жаль, гэтыя намаганні еднасці і супрацоўніцтва былі разбураны ў апошнія гады новай эклезіялогіяй, якая прыходзіць з поўначы, і новай тэалогіяй, тэалогіяй вайны – адзначыў Сусветны Патрыярх. - Менавіта гэтую тэалогію пачала прапаведваць Царква-сястра Расіі, спрабуючы апраўдаць неапраўданую, бязбожную, нічым не справакаваную, д'ябальскую вайну супраць суверэннай і незалежнай Украіны. Вось ужо амаль два гады мы назіраем трагедыю. Не толькі ў адносінах дзвюх праваслаўных цэркваў, але і ў цэнтры Еўропы мы назіраем штодзённае кровапраліцце. У гэтай вайне загінула 150 тысяч, можа, дзьвесьце тысяч расейскіх салдат, каля ста тысяч украінскіх і незлічоная колькасьць мірных жыхароў. Паўтараю, што гэта трагедыя!. Безумоўна, гэта адбіваецца і на ўзаемаадносінах Праваслаўных Цэркваў-сёстраў”.
Перапыненне еўхарыстычнай супольнасці Расійскай Царквой з УсяленскімПатрыярхатам, як сказаў прадстаяцель Канстантынопальскай царквы, непрымальна і невытлумачальна. Мы не можам мець Божую Еўхарыстыю як інструмент ціску адзін на аднаго і прымусу іншых Цэркваў ісці ў нагу з гэтай новай эклезіялогіяй...»
«Мы, са свайго боку, - працягнуў Патрыярх, - робім тое, што лічым правільным. Нас запрашаюць розныя Цэрквы-сёстры, каб Сусьветны Патрыярхат зноў склікаў Усеправаслаўную Канфэрэнцыю ці Сынаксіс Праваслаўных Прадстаяцеляў, каб разабрацца з украінскім царкоўным пытаньнем, і наш Патрыярхат адхіляе гэтыя прапановы, таму што не жадае падвяргаць гэтае пытаньне сумневу, таму што наданне Аўтакефаліі Царкве Украіны, было ў межах кананічных правоў і абавязкаў Сусветнага Патрыярхату. Калі выключыць Старажытныя Патрыярхаты Ўсходу, усе навейшыя Праваслаўныя Цэрквы, пачынаючы з Царквы Рускай, атрымалі аўтакефалію ад Канстанцінопаля. Чаму Україна павінна быць выключэннем з гэтага кананічнага парадку? Вось у чым справа, вельмі простая і вельмі зразумелая. Мы не будзем склікаць ні Усеправаслаўны Сабор, ні Сабор Прадстаяцеляў, таму што мы не маем намеру ставіць рашэнні і ініцыятывы Усяленскага Патрыярхату пад суд новай эклезіялогіі» - заявіў Патрыярх Варфаламей.
Затым Прадстаяцель Царквы Украіны ў кароткім прывітанні зноў выказаў радасць з нагоды візіту ва Сусветны Патрыярхат. Ён падзякаваў Усяленскаму Патрыярху за клопат і пастаянную цікавасць Маці-Царквы ва Украіне.
****
Міжнародная сустрэча праваслаўнай моладзі адбылася на мінулым тыдні ў румынскай Тымішаары. Тэмай сустрэчы стала асэнсаванне сяброўства чалавека з Богам, як асновы зносін паміж людзьмі і народамі.
У цырымоніі адкрыцця разам з Румынскім Патрыярхам Даніілам і Мітрапалітам Банацкім Іаанам прынялі ўдзел балгарскі мітрапаліт Русенскі Навум, грэчаскі мітрапаліт Кітроскі Георгій, архіепіскап Арадскі Цімацей, антыахійскі епіскап Эрзурума Каіс Садык, епіскап Будайскі Лукіян Сербскай праваслаўнай царквы.
На адкрыцці форума прысутнічалі шматлікія чыноўнікі цантральных і мясцовых органаў улады, у тым ліку дзяржаўны сакратар па справах рэлігіі Чыпрыян Алініцы. Акадэмічнае асяроддзе прадстаўляў рэктар ўніверсітэта Тымішаары прафесар доктар Марылен Піртэа.
Пасля выканання гімна Румыніі мужчынскім хорам «Кантраст» з Тымішаары з прывітальным словам выступіў Высокапраасвяшчэннейшы Мітрапаліт Банацкі Іаан.
«Я заклікаю вас быць добрымі хрысціянамі ў тых краінах, дзе кожны з вас жыве. Любіце сваю краіну, любіце сваю Царкву, бо вы — жывыя іконы Царквы», — звярнуўся да маладых удзельнікаў Яго Высокапраасвяшчэнства.
«Заставайцеся са сваімі святарамі, не пакідайце іх адных. На алтары святар прымае вашыя малітвы і заклікае моц ласкі Духа Святога перамяніць пшанічнае зерне ў Цела Госпаданашага Іісуса Хрыста, якое Ён ахвяраваў нам як хлеб жыцця». Мітрапаліт узгадаў, што ў снежні 1989 г. у Тымішаары «разбурылася сцяна атэізму, і Хрысту было дазволена свабодна хадзіць у гэтым горадзе і ва ўсіх гарадах нашага румынскага народа».
Сярод удзельнікаў былі маладыя людзі з усіх дыяцэзій Румынскага Патрыярхату, у тым ліку з памежных гістарычных тэрыторый, населеных румынамі, і з румынскай дыяспары, а таксама моладзь, якая прадстаўляла Праваслаўныя Цэрквы-сёстры: Сусьветны Патрыярхат, Патрыярхаты Александрыі, Антыахіі, Ерусаліма, Балгарыі і Грузіі, Праваслаўнай Царквы Грэцыі, Польшчы, Албаніі, Чэхіі і Славакіі, а таксама Ахрыдскай Архіепархіі Паўночнай Македоніі.
Цырымонія прадоўжылася словам Блаженнейшага Патрыярха Данііла.
Разважаючы над міжнароднай праваслаўнай моладзевай сустрэчы, Патрыярх Румыніі падкрэсліў, што «сяброўства чалавека з Богам праз малітву і з бліжнімі праз добрыя ўчынкі з’яўляецца надзейным святлом жыцця, святлом, якое кожны будзе несці ў сваёй душы ў любы час, у любым месцы, у часе і ў вечнасці».
«Моладзь — гэта дабраславенне і радасць для сям’і Царквы і народа», — адзначыў таксама Патрыярх Румыніі.
«Таму Царквапаклікана перадаваць маладым людзям любоў Хрыста і дапамагаць ім стаць сябрамі Госпада і сябрамі ўсіх тых, якія маюць патрэбу ў прысутнасці і дзеяннях вернікаў».
Пра вечную маладосць хрысціянства гаварыў дзяржсакратар па справах рэлігій Чыпрыян Алініч. «Мы знаходзімся тут пад купалам найбольш актыўнай інстытуцыі грамадзянскай супольнасці Румыніі, Праваслаўнай Царквы. Мы знаходзімся пад купалам хрысціянства, вечна маладой веры, якая натхніла і сфарміравала еўрапейскі дух у сваёй свежасці і аўтэнтычнасці», — сказаў прадстаўнік урада.
****
На мінулым тыдні міністр Культуры нацыянальнай спадчыны Польшчы доктар хаб. Пётр Гліньскі ў суправаджэнні заходнепаморскага ваяводы Збігнева Багуцкага і дэпутата польскага парламента Міхала Яха, наведаў праваслаўны прыход св. першавярхоўных апосталаў Пятра і Паўла ў Старгардзе. Дэлегацыю пачэсных гасцей прывітаў пробашч парафіі святар Яраслаў Бірылка. Госці мелі магчымасць убачыць вынікі ранейшых рэканструкцый святыні, праведзеных у тым ліку і за кошт сродкаў Міністэрства культуры.
Настаяцель парафіі перадаў міністранту абраз заступнікаў храма св. апосталаў Пятра і Паўла.
******
З 31 жніўня па 1 верасня па запрашэнні Патрыярха Канстанцінопальскага Варфаламея старшыня Міжпарламенцкай Асамблеі Праваслаўя Яўген Чыквін наведаў Стамбул – колішні Канстантынопаль і сустрэўся з Свяцейшым Патрыярхам Варфаламеем. Падчас аўдыенцыі Яўген Чыквін, звяртаючыся да Патрыярха, сказаў:
«Ваша Святасць! Як новаабраны прэзідэнт Міжправаслаўнай парламенцкай асамблеі, я хачу выказаць сваю глыбокую пашану Вашай Святасці і папрасіць Вашага дабраславення. Перадаю вам сардэчныя прывітанні ад польскага Сейма, і асабліва ад Маршалка Сейма Рэспублікі Польшча спадарыні Эльжбеты Вітэк, і нізкі паклон ад Яго Блажэнства Мітрапаліта Варшаўскага і ўсяе Польшчы Савы.
Як вядома, нядаўна наша Царква перажыла хвіліны вялікай духоўнай радасці з нагоды асвячэння цудоўнага храма Божай Мудрасці ў Варшаве, у пабудову якога некалькі гадоў таму Ваша Святасць заклала першы камень.
За 30 гадоў існавання Міжправаслаўнай парламенцкай асамблеі наша арганізацыя дасягнула вялікіх поспехаў, адкрыла шлях да прасоўвання праваслаўных каштоўнасцяў у палітыку, мы мелі зносіны з усім праваслаўным светам, мы даведваліся аб іх праблемах, мы прыслухоўваліся да іх клопатаў, мы ўсе стараліся быць удзельнікамі нашай агульнай гісторыі. Праваслаўныя парламентарыі бралі ўдзел у сустрэчах з кіраўнікамі Касцёлаў, удзельнічалі ў дыялогах з іншымі Цэрквамі і рэлігіямі. Сабор Праваслаўнай Царквы ў 2016 годзе і шмат іншых мерапрыемстваў адбыліся з вашым удзелам, і мы рады, што па меры сваіх магчымасцяў паспрыялі гэтаму працэсу. Сёння мы, як чалавецтва, як Еўропа, як хрысціяне, а асабліва як праваслаўныя, сутыкаемся з вельмі вялікімі цяжкасцямі. Гэта перш за ўсё, вайна, якая пашыраецца. Мы ўсе баімся, што гэта можа стаць глабальным канфліктам… У наступным, 2024 годзе, мы будзем сьвяткаваць 100-годзьдзе аўтакефаліі нашай Царквы, і ўсе мы ў Польшчы перакананы, што ўсе праваслаўныя ў сьвеце з радасьцю прынялі б той факт, што прадстаўнікі ўсіх аўтакефальных Цэркваў адслужылі б святую Літургія пад Вашым прадстаяцельствам у Сафійскім саборы ў Варшаве".
У адказ Патрыярх Варфаламей павіншаваў Яўгенія Чыквіна з абраннем прэзідэнтам Міжпарламенцкай асамблеі праваслаўя і выказаў «радасць з таго, што гэтую пасаду ўзяў на сябе парламентарый з Польшчы, якая прыняла мільёны бежанцаў з Украіны».
Напрыканцы ён прывітаў дэлегацыю з нагоды 30-годдзя Асамблеі, запэўніў, што прадстаўнікі Патрыярхату будуць удзельнічаць у ініцыятывах Міжправаслаўнай парламенцкай асамблеі, і выказаў спадзяванне, што парламентарыі, як і раней, будуць служыць адзінству Праваслаў’я.
******
Святы Сінод Грэцкай Царквы выступіў з паведамленнем, у якім звяртае ўвагу на дзейнасць «Царквы саенталогіі», якая дзейнічае ў Грэцыі ў форме асацыяцыі пад назвай «Цэнтр прыкладной філасофіі Грэцыі». Як адзначаецца у заяве Сінода, у двух рашэннях грэчаскага суда гэтая сайенталагічная асацыяцыя была прызнана як «арганізацыя з практыкай, якая ёсць небяспечнай і шкоднай як з медыцынскіх, так і з сацыяльных і маральных прычын».
Іерархі Грэцкай царквы адзначаюць, што ў апошнія гады сайентолагі працягвалі працаваць пад іншымі назвамі і прадастаўлялі, здавалася б, бяскрыўдныя паслугі, такія як семінары па самаўдасканаленні або семінары па продажах для бізнесу. Тым не менш, грэчаскі Сінод лічыць, што ніякія метады і ніякія фасады сацыяльнага абслугоўвання не могуць змяніць рэчаіснасці, а менавіта таго, што гэтая арганізацыя ёсць небеспечная і шкодная для грамадзянскай супольнасці.
Святы Сінод Грэцкай Царквы з пачуццём адказнасці заклікаў дзяржаўныя, сацыяльныя і прыватныя арганізацыі, не станавіцца ненаўмысна спонсарамі або рэкламнымі органамі парарэлігійнай арганізацыі, якая займаецца грамадска небяспечнай дзейнасцю.
*****
Царква Албаніі выступіла з заявай, якая рашуча абвяргае абвінавачанні ва ўплыве на Албанскую праваслаўную царкву Рускай царквы.
Заява адказвае на артыкул, апублікаваны на англійскай мове Архонтам Усяленскага Патрыярхату Іліясам Дамянакісам, які сцвярджае, што, нібыты, многія цэрквы у Албаніі былі адноўлены з дапамогаю расійскага алігархата і таму Албанская царква мусціць ісці у фарватары рускай царкоўнай палітыкі. Царква Албаніі у адказ на папрокі падкрэслівае, што абвінавачванні такога кшталту з’яўляюцца поўным скажэннем праўды. У заяве сцвярджаецца, што ніводная адрмантаваная царква не мела фінансавання з боку якога-кольвек алігархату. А абвінавачанне ёсць выдумкай з мэтай падтрымання хлусні аб тым, што Царква Албаніі нібыта «аказалася ў варонцы расійскай прапаганды».
Святы Сінод Праваслаўнай Аўтакефальнай Царквы Албаніі, гаворыцца ў заяўленні, прымае свае рашэнні выключна з нязменным клопатам аб адзінстве Праваслаўя і яго пераканаўчым сведчанні ў сучасным свеце”.
*****
1 верасня 2023 года ў час чарговага абстрэлу расійскімі войскамі прымежнага мястэчка Сумшчыны - Буда, у выніку прамога пападання снарада быў значна пашкоджаны храм на гонар Раства Прасвятой Багародзіцы. Пра гэтае здарэнне паведамля Інфармацыйна-прасветніцкі аддзел Украінскай праваслаўнай царквы. У выніку выбука быў зруйнаваны купал царквы, пашкоджанапакрыццё, дзверы, вокны і сцены.
«Сёння прыхаджане і проста людзі добрай волі пад абстрэламі разбіралі завалы і прыбіралі пашкоджаны», – гаворыцца ў паведамленні ад трэцяга верасня.
*****
4 верасня гэтага года адбылася чарговая Міжнародная сустрэча манахаў і манахінь. Сёлетняя сустрэча адбылася ў манастыры св. Анафрыя ў Яблечне. Тэма сустрэчы: «Вызнаўцы і абаронцы праваслаўнай веры: да 100-годдзем аўтакефаліі Польскай Аўтакефальнай Царквы».
Канферэнцыя пачалася св. Літургіі, якую адслужыў епіскап Супрасльскі Андрэй. Падчас набажэнства у расафор быў пастрыжаны паслушнік Мікалай. Багаслужэнне суправаджалася спевам хору сясцёр з манастыра ў Турковіцах. У алтары маліліся Мітрапаліт Варшаўскі і ўсяе Польшчы Сава, архіепіскап Бельскі Грыгорый і епіскап Гайнаўскі Павел.
Пленарную частку паседжання распачаў Высокапраасвяшчэннейшы мітрапаліт Сава, які прывітаў гасцей, а затым паразважаў на тэму канферэнцыі. Мадэратарам канферэнцыі выступіў епіскап Супрасльскі Андрэй. У сустрэчы прынялі ўдзел ігумення Стэфанія - настаяцельніца манастыра ў Зімным (Украіна), іераманах Аляксандр са Славакіі, а таксама настаяцелі і прадстаўнікі ўсіх манастыроў Польскай царквы.
Першай з дакладам выступіла Ігуменія Стэфанія, якая прадставіла тэму: «Манахі як паслядоўнікі і абаронцы святой праваслаўнай веры». Наступным свой даклад прадставіў архімандрыт Іаў з Супрасльскага манастыра на тэму: «Жыццё і дзейнасць св. Іова Пачаёўскага і св. Афанасія Брэсцкага”. Настаяцельніца манастыра у Войнаве ігумення Агнія паразважала на тэму: «Цяжкі шлях духоўнага станаўлення праваслаўнай ідэнтычнасці ў Польшчы ў ХХ стагоддзі». Апошнім выступіў святар Дыянісій Руснак, духаўнік кляштара на святой гары Грабарцы.
З падсумаваннем і заключным словам выступілі архіепіскап Бельскі Грыгорый і япіскап Супрасльскі Андрэй.