Навіны жыцця праваслаўнага свету
Канстантынопаль.
Міністр турызму Грэцыі Вольга Кефалагіяні наведала сядзібу
Канстанцінопальскага Патрыярхату на Фанары, сустрэлася з Канстанцінопальскім Патрыярхам Варфаламеем,
каб абмеркаваць пытанні, звязаныя з ажыццяўленнем яе паўнамоцтваў,
і абмяняцца думкамі аб грэчаскай супольнасці ў Канстанцінопалі і ролі Усяленскага Патрыярхату ў іх жыцці. Пасля сустрэчы спадарыня міністр падзялілася
сваімі думкамі, заявіўшы: «Намаганні і праца, зробленыя Ўсяленскім Патрыярхам,
вельмі важныя, і мы, як урад Грэцыі, заўсёды гатовыя, каб падтрымаць гэтыя намаганні». Міністр папрасіла дабраслаўлення
Ўсяленскага Патрыярха на наступны год сваёй працы.
Швейцарыя.
У рамках
правядзення Сусветнага эканамічнага форума ў Давосе была араганізавана дыскусійная
пляцоўка для абмеркавання прасоўвання міру ва Украіне. Чацвёртая сустрэча
прадстаўнікоў 83 дзяржаў і інстытутаў, скліканая па ініцыятыве Украіны і
арганізаваная Швейцарскай Федэрацыяй, сабрала асноўныя зацікаўленыя бакі для вырашэння
гэтай праблемы. Сярод удзельнікаў сустрэчы быў і прадстаўнік Сусветнага
Патрыярхату у асобе Мітрапаліта Халкідонскага Эмануіла. Актыўны ўдзел Сусветнага
Патрыярхату падкрэслівае яго прыхільнасць справе умацавання міру і вырашэння
шматгранных выклікаў у рэгіёне.
Турцыя.
З панядзелка, 15
студзеня, Міністэрства культуры і турызму Турцыі афіцыйна ўвяло ў дзеянне сваё
рашэнне аб усталяванні платы за ўваход для замежных турыстаў, якія наведваюць
Сафійскі сабор. Згодна з новымі правіламі, уваход у гістарычнае месца цяпер
будзе асобна для паломнікаў і для турыстаў.
Турыстычны білет будзе каштаваць 25 еўра. У паведамленні міністэрства
падкрэсліваецца ўвядзенне ўзмоцненых мер бяспекі і ўстаноўка спецыяльнай касы.
Акрамя таго, былі ўведзены новыя паслугі, такія як акустычная сістэма і QR-код,
каб палепшыць агульныя ўражанні наведвальнікаў і забяспечыць інфармацыйны
кантэнт для тых, хто даследуе Сафійскі сабор.
Швецыя.
У пятніцу, 12
студзеня 2024 г., Яго Высокапраасвяшчэнства Мітрапаліт Шведскі і ўсяе
Скандынавіі Клеафас вітаў лютэранскага біскупа Стрэнгнеса і капелана
каралеўскага палаца пастараЁхана Далмана ў кафедральным саборы Святога Георгія
ў Стакгольме. Мітрапаліт Клеафас правёў для гасцей экскурсію па саборы,
пазнаёміўшы іх з гісторыяй храма і нядаўна завершанымі рэстаўрацыйнымі
работамі. Тур завяршыўся ў Музеі грэцкай хрысціянскай спадчыны, дзе епіскапы
абмеркавалі розныя пытанні, звязаныя з бягучымі падзеямі рэлігійнага жыцця Швецыі
і свету.
Грэцыя.
На мінулым тыдні архіепіскап
Афінскі і ўсяе Грэцыі Іеранім правёў працоўную сустрэчу з прадстаўніком
Усяленскага Патрыярха мітрапалітам Халкідонскім Эмануілам. Архіепіскап цёпла
прывітаў Мітрапаліта, і яны абмеркавалі актуальныя пытанні, якія ўяўляюць
агульны інтарэс як для Сусветнага патрыярхату, так і для Эладскай царквы.
Афон.
У мінулы
панядзелак у манаскай келлі каля святога манастыра Стаўранікіты на Афоне
здарыўся пажар, прычынай якога, паводле следства, стаў падпал. Меркаваны
злачынец, 63-гадовы грамадзянін Румыніі, прызнаўся ва ўчынку пасля таго, як яго
даставілі ў паліцыю для допыту адносна крадзяжу і пашкоджання маёмасці.
Інцыдэнт адбыўся, калі манах падаў заяву на падазраванага, што прымусіла
паліцыю дапытаць яго. На допыце 63-гадовы мужчына сцвярджаў, што ўзгаранне
адбылося ад свечкі, якую ён запаліў, увайшоўшы ў келлю. У той час як
падазраваны чакае суда па абвінавачванні ў падпале, праводзіцца следства пра
яго меркаваны ўдзел у двух папярэдніх крадзяжах непадалёк спаленай келлі. Яго
вінавацяць у крадзяжы розных прадметаў, у тым ліку інструментаў, ключа ад
машыны і планшэта, а таксама ў пашкоджанні мэблі. Пракуратура распачынае
працэдуру па факце злачынства, і справа будзе разгледжана ў судзе па справах правапарушэнняў
у Салоніках.
Эстонія.
У нядзелю, 14 студзеня, мітрапаліт Дзімітрыйскі і Алмірскі
Ігнацій саслужыў Мітрапаліту
Талінскаму і ўсяе Эстоніі Стэфанасу у царкве Святога Сімяона і Ганны ў Таліне,
Эстонія. Пасля набажэнства мітрапаліт Ігнацій ушанаваў мітрапаліта Стэфана і ўзнагародзіў яго Вялікім крыжам — вышэйшай
ганаровай адзнакай Дзімітрыйскай
мітраполіі. Выдатная асоба праваслаўнага свету, мітрапаліт Талінскі Стэфанас
гарманічна спалучае не толькі вернасць Паданню праваслаўнай царквы з патрабаваннямі абнаўлення, але і
духоўнасць спалучае з клопатам аб праблемах сучаснага свету. Пасля вялікай
багаслоўскай і пастырскай працы ў межах Французскай мітраполіі да 1999 года
мітрапаліт Стэфанас прыклаў усе намаганні для ўмацавання прысутнасці Праваслаўя
ў Эстоніі, з самага першага моманту, калі ён стаў кіраўніком Аўтаномнай
Праваслаўнай Царквы ў гэтай Балтыйскай краіне. Ён
умацоўваў сувязі з мясцовым насельніцтвам і культурай, але таксама спрыяў
праваслаўнаму адзінству, нягледзячы на розныя нягоды, з якімі ён сутыкаўся там,
з-за палітыкі Маскоўскага Патрыярхату; мітрапаліт Стэфан моцна паспрыяў амаль агульнаправаслаўнаму (за
адзіным выключэньнем Расеі) прызнаньню аўтаноміі праваслаўнай царквы ў Эстоніі.
Не менш важная яго
зацікаўленасць міжрэлігійным дыялогам, а таксама пастырскай апецы мігрантаў. Талінскі мітрапаліт падтрымлівае цесныя
сувязі з Дзімітрыйскай мітраполіяй, якія выяўляюцца ў супрацоўніцтве
Праваслаўнага інстытута святога Платона Эстонскага з Воласскай акадэміяй
тэалагічных навук.
У панядзелак, 15
студзеня, у Тартускім універсітэце (Эстонія) дырэктар Воласскай акадэміі
тэалагічных даследаванняў доктар Пантэліс Калайцідзіс прачытаў
лекцыю на тэму «Праваслаўная палітычная тэалогія паміж неаімперскімі ілюзіямі і
сучаснымі выклікамі». Праваслаўная палітычная тэалогія звычайна асацыюецца з
імперыямі і з візантыйскай ідэяй «Сімфоніі». Сучасны расейскі
рэжым прэтэндуе нібыта на працяг сапраўднай праваслаўнай
традыцыі. Аднак праваслаўе таксама з'яўляецца
часткай іншых тыпаў грамадства, а менавіта тых, якія імкнуцца
да дэмакратычных свабод, міру і справядлівасці. На
думку прафесара, сутыкаючыся з выклікамі сучаснага і постмадэрнісцкага
свету, праваслаўным не патрэбны новы імператар для вырашэння сваіх праблем. Ім
патрэбна больш праўды, справядлівасці, свабоды, адказнасці і публічнага
сведчання, вернага Евангеллю. Воласская акадэмія багаслоўскіх даследаванняў
супрацоўнічае з Тартускім універсітэтам (Школа тэалогіі і рэлігіязнаўства) і
Эстонскай Праваслаўнай Царквой у рамках праграмы «Праваслаўная Царква і
сучасныя выклікі», засяроджваючыся на вострых багаслоўскіх і сацыяльных
праблемах сучаснасці, якія кідаюць выклік як Праваслаўная Царква і заходняе
грамадства ў цэлым, уключаючы такія тэмы, як экалагічны крызіс і экатэалогія,
духоўнасць і новы час, імперыялістычныя наратывы, нацыяналізм і этнафілетызм,
псіхалогія і псіхатэрапія. Заняткі пачаліся ў верасні мінулага года і
працягнуцца да чэрвеня наступнага года.
Грузія
Патрыярхат Грузіі запатрабаваў змяніць ікону, якая
знаходзіцца ў саборы Святой Тройцы ў сталіцы Грузіі Тбілісі, на якой
намаляваная святая Матрона Маскоўская, якая дабраслаўляе Іосіфа Сталіна. Пасля
нядаўняй спрэчкі вакол выявы ўраджэнца Грузіі Сталіна — дэклараванага атэіста,
які гвалтоўна падаўляў рэлігію па ўсім Савецкім Саюзе — і інцыдэнтаў, якія
адбыліся, калі невядомы злачынец паліў малюнак фарбай, Патрыярхат Грузіі
выступіў з заявай, у якой выказаў сваю пазіцыю.
Як гаворыцца ў заяве, сыходзячы з правілаў іканапісу, «на
іконе можа быць адлюстраваны не толькі святы, але і рэальныя гісторыя,
звязаныя з жыццём святога, у тым ліку кіраўнікі і простыя людзі, ерэтыкі і
ганіцелі хрысціянскай веры». «Аднак, — дадаецца, — гэта зусім не азначае, што
выява ўслаўляе гэтыя постаці або надае ім нейкую годнасць». Адносна спрэчнай
іконы Патрыярхат Грузіі ўдакладняе, што, сыходзячы з наяўных сведчанняў аб
жыцці святой Матроны, запісаў аб сустрэчы з Іосіфам Сталіным няма. «Неабходна
змяніць малюнак святой Матроны са Сталіным і ўлічыць іншыя дэталі, звязаныя з
кананічнасцю іканаграфіі. Патрыярхія заклікае ахвярадаўцаў ўнесці
адпаведныя змены ў вобраз». У пятніцу 18 студзеня вобраз быў прыбраны
з кафедральнага сабору ў Тбілісі.
Косава.
14 студзеня 2024 г.
Прэасвяшчэнны епіскап Рашска-Прызрэнскі Феадосій,
Сербская праваслаўаная царква, сустрэўся ў манастыры Грачаніца з
дэпутатам Еўрапарламента і дакладчыцай па Косаве
спадарыняй Віёлай фон Крамон. Прадстаўніца Еўрапарламента была азнаёмлена
з праблемамі жыцця Сербскай Праваслаўнай Царквы і сербскай меншасці у Косаве і
Метохіі. Падчас знаходжання ў манастыры біскуп пазнаёміў спадарыню фон Крамон з
гісторыяй Сербскай Праваслаўнай Царквы ў гэтай мясцовасці, а таксама з
гісторыяй манастыра Грачаніца, які знаходзіцца ў спісе Сусветнай спадчыны
ЮНЕСКА .
Сербія.
У нядзелю 14 снежня з нагоды свайго 171-годдзя ад дня
заснавання Першае бялградскае спеўнае таварыства правяло канцэрт «Хвала на
вышынях Богу і на зямлі мір...». На канцэрце быў прысутным Свяцейшы Патрыярх
Сербскі Парфірый.
Балгарыя.
З пачатку новага 2024 года ў Міністэрстве працы і
сацыяльнай палітыкі Балгарыі сфарміравана рабочая група з экспертаў,
прадстаўнікоў Балгарскай праваслаўнай царквы і двух прафесараў багаслоўскага
факультэта. 11 студзеня адбылася першая працоўная сустрэча
працоўнай групы. Да канца студзеня месяца чакаюцца пісьмовыя прапановы ад епархій
па аптымізацыі іх сацыяльнай дзейнасці Наступную рабочую сустрэчу плануецца
правесці на тэрыторыі дзейных царкоўна-грамадскіх цэнтраў Сафійскай епархіі для
азнаямлення з паспяховымі мадэлямі і перадавым вопытам царкоўнай сацыяльнай дзейнасці.
Україна.
Найстарэйшы праваслаўны манастыр ва Украіне Пячэрская лаўра стаў даступны для наведвання онлайн. Ініцыятыва
належыць гораду Кіеву і накіравана на папулярызацыю манастырскага комплексу,
які распасціраецца на плошчы 26 гектараў. Сярод славутасцяў, уключаных у
віртуальны тур, — Вялікая званіца, сабор «Ушэсця Гасподняга», Пячэрская царква
«Святых Антонія і Феадосія», а таксама частка пячор, дзе захоўваюцца мошчы
святых. Манастыр, які ўваходзіць у спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, падзелены на
Верхнюю і Ніжнюю лаўры. Першае дакументальнае сведчанне аб манастыры датуецца
1051 годам.
Польша.
15 студзеня сядзібу
Праваслаўнага Ардынарыята Войска Польскага архіепіскапа Вроцлаўскага Георгія наведаў спадар Томаш Камінскі, віцэ-маршалак Сената. Праваслаўны вайсковы ардынарый вітаў
шаноўнага госця і правёў экскурсіюе у катэдральным храме. Падчас сустрэчы архіепіскап-ардынарый
пазнаёміў спадара віце-маршалка з гісторыяй і сучаснай дзейнасцю праваслаўнага
пастырскага служэння ў Войску Польскім.
Балгарыя.
Патрыярх
Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл накіраваў спачуванне ў сувязі са смерцю мітрапаліта
Слівенскага Іааннікія, Балгарскай праваслаўнай царквы. Аднак, характэрна, што
ліст адрасаваны не Найсвяцейшаму Патрыярху Балгарскаму Неафіту, а да членаў Св.
Сінода Балгарскай Праваслаўнай царквы, што ў падобных выпадках з'яўляецца
грубым парушэннем царкоўнага пратаколу. Спачуванні па сваім змесце маюць асабісты
характар, таму яны заўсёды накіроўваюцца прыватным асобам, у дадзеным выпадку -
кіраўніку адпаведнай царквы, а не адарсуюцца да калегіяльнага органа царкоўнага
кіравання.
Балгарыя.
13 студзеня ў
камернай зале Сафійскай оперы адбылася прэм'ера музычнай паэмы «Рыльскі
пустэльнік», адаптаванай для дзяцей. Спектакль задуманы як магчымасць для юных
гледачоў, дзяцей і студэнтаў даведацца пра асобу свяціцеля Іаана Рыльскага праз
опернае мастацтва. Таму рэжысёр оперы акадэмік Пламен Карталаў і кампазітар
твора спадар Кірыл Папоў запрасілі на прэм'еру як афіцыйных прадстаўнікоў
адукацыйных устаноў сталіцы, так і саміх дзяцей і моладзь балгарскай сталіцы.
Україна.
У выніку абстрэлу
з боку Расейскай Федырацыі, які адбыўся 12 студзеня пашкоджаная царква Пакрова
Прасвятой Багародзіцы у адным з населеных пунктаў Ахтырскага раёна Сумскай
вобласці. Па словах настаяцеля пашкодажанага храма, хваля ад снарада, які
разарваўся каля царквы, пашкодзіла дах і сарвала столевае пакрыццё на даху. У
цэлым за час поўнамаштабнай вайны з расійскім агрэсарам пацярпелі 18 храмаў
Сумскай епархіі Украінскай Праваслаўнай Царквы.